• Запрашаем у Польшчу: сопацкі пірс
  • 06.05.2011

А сёньня, сябры, у рамках нашага радыёпадарожжа па Польшчы накіруемся на Балтыку, у вядомы балтыйскі курорт Сопат. Я вельмі люблю гэты горад і стараюся як мага часьцей там бываць, прычым ня толькі летам, але і ў іншыя поры году. Бо Балтыка прагожая ня толькі ў сьпякотныя дні, але і ў траскучыя марозы ды залатой восеньню.

У Сопаце ёсьць незвычайны архітэктурны аб’ект: пірс. Чаму незвычайны? Бо гэта найдаўжэйшы ў Эўропе драўляны пірс – ён уразаецца ў мора ажно на 500 мэтраў. Гісторыя пірса сягае 1827 году, калі Ежы Хафнэр – піянер курортнага лячэньня ў Сопаце – пабудаваў пірс даўжынёй 31 мэтар. Пазьней аб’ект дабудоўваўся, і ў 1910 годзе яго даўжыня складала 315 мэтраў. Цяперашні пірс пабудаваны ў 1928 годзе. У 20-30-ыя гады пірс быў таксама прычала для пасажырскіх караблёў, каля яго таксама прызямляліся гідрапляны. Але асноўная роля сопацкага пірса – гэта, канешне, адпачынак. І хоць уваход на яго платны, то сапраўды варта прайсьці па драўляным памосьце, падыхаць сьвежым марскім паветрам і рамантычна пазіраць у марскую далечыню. Большасьць турыстаў робіць фотаздымкі на памяць. Можна зрабіць фота з памосту на “Гранд-гатэль”, які раскінуўся на марскім беразе. Гэты вельмі прыгожы й вялікі будынак пабудаваны ў канцы 1920-х гадоў у стылі мадэрна й нэабарока. Калі кашалёк даволі тоўсты, дык можна спыніцца ў гатэлі, і мець з вакна непаўторны від на Балтыкі. Зазначу, што гэта адзін з даражэйшых гатэляў ў Сопаце. На сопацкім пірсе й пры ўваходзе на яго мноства кіёскаў і крамікаў з рознымі рэчамі, якія можна купіць у памяць аб візыце ў Сопаце. Сярод іх, зразумела, ёсьць балтыйскі бурштын. Так што запрашаем, сябры, у Сопат і на шпацыр па сопацкім памосьце. А паколькі гэта адно з маіх любімых у Польшчы месцаў, то, магчыма, і сустрэнемся на пірсе, над вадой, у 500 мэтрах аб берага.      


вс