• Лета не за гарамі, пачынаецца пара адпачынкаў
  • Audio4.55 MB
  • 10.05.2011

Лета не за гарамі, пачынаецца пара адпачынкаў. Некаторыя любяць праводзіць адпачынак на лецішчы, а некаторых цягне ў цёплыя краіны. Калісьці вельмі папулярнымі былі адпачынкі ў Крыме ці на Каўказе, а каму пашчасьціла, той ехаў грэцца на Залатыя пяскі ў Баўгарыю ці курорты былой Югаславіі. Зьмяніліся часы, зьмяніліся й прывычкі, ды й цана мае не апошную ролю.

Не сакрэт, што ўсе імкнуцца адпачыць як мага лепш і пры гэтым – нядорага.  Для тых, хто зьбіраецца ў адпачынак за мяжу незалежна ад краіны выезду й пашпарту, які знаходзіцца ў кішэні, прапануем некалькі парадаў, якія могуць спратрэбіцца як перад выездам, так і падчас адпачынку.

У мінулым сэзоне адпачынак у экзатычным Эгіпце ці іншых краінах Афрыкі быў таньнейшы, чым тур у Баўгарыі ці нават на Балтыцы. Пасьля хвалі рэвалюцыяў, якіяй пракаціліся па афрыканскім кантынэнце апошнім часам, шмат аматараў «пірамідаў» альбо купаньня ў Чырвоным ці Міжземным моры, ужо ня так ахвотна глядаць у бок афрыканскага кантынэнту. Аднак дыпляматы кажуць, што паездкі ў Эгіпет ці Туніс цалкам бясьпечныя, але  пры ўмове, што ніхто ня будзе на ўласную адказнасьць ладзіць індывідуальныя ці групавыя паездкі ўглыб краіны, дзе нават пасьля трох месяцаў ад рэвалюцыйных падзеяў цяжка прадказаць сытуацыю, кажа Паўліна Капусьціньска з МЗС.
Кр-эґіпт

Паўліна Капусьціньска: Раім устрымацца ад паездак у вялікія гарадзкія аглямэрацыі, устрымацца ад індывідуальных паездак. Мы раім заставацца ў курортных мясцовасьцях, паколькі ёсьць інфармацыя й гарантыя, што там бясьпека турыстаў пад кантролем.

У выпадку, калі знойдуцца адважныя аматары падарожжаў, тыя, каму цікавыя экстрымальныя уражаньні, яны павінны яшчэ перад падарожжам знайсьці й мець пры сабе нумар тэлефону бліжэйшай дыпляматычнай ўстановы, якую неабходна паінфармаваць у выпадку непрадугледжаных падзеяў.
 
Ня ўсе вакацыйныя здарэньні можна прадугледзедзіць, але шмат якіх можна пазьбегнуць, незалежна ад таго, на які адпачынак нехта зьбіраецца і ў якую краіну. Шмат хто абірае найпрасьцейшую форму турыстычных паездак, купляючы тур у турапэратара. Ідучы ў турагенцтва трэба памятаць, што турпаездка- гэта свайго роду паслуга, набыўшы якую кожны пакупнік мае спажывецкія правы. Прынамсі набываючы тур у Польшчы ці іншых краінах ЭЗ. У дадзеным выпадку спажывецкія правы гарантуе Закон аб спажывецкіх правах, які дзейнічае на тэрыторыі ЭЗ.

Перад тым, як падпісаць дамову з турапэратарам аб набыцьці тура, неабходна ўважліва прачытаць гэтую дамову, раіць Малгажата Целях з польскага Ведамства па ахове канкурэнтаздольнасьці й спажывецтва.
 
Малгажата Целях: Найбольш важнымі крытэрамі для спажыўца зьяўляюцца цана, катэгорыя гатэля, калі гэта экскурсія, то плян экскурсіі. Вельмі часта расчараваньні вынікаюць з таго, што спажывец не дакладна прачытаў дамову.

Таксама й Ізабэля Стэльманьская з мазавецкага ваяводзкага ведамства заахвочвае дакладна прааналізаваць дамову з турапэратарам перад тым, як на ёй паявіцца наш подпіс.

Ізабэля Стэльманьская: Неабходна праверыць, ці запісаныя ў дамове ўсе тыя элемэнты, прa якія нам распавядаў прадстаўнік турапэратара. Неабходна памятаць, што турапэратар ня можа павысіць цану тура за 20 дзёнь перад выездам. Нават у выпадку, калі павялічыцца кошт транспарту ці павысіцца курс валюты, на 20 дзён перад выездам кошт тура ня можа павялічыцца.

Экспэрты  зьвятраюць  ўвагу яшчэ на адзін істотны ньюанс, у прыватнасьці набыцьцё „гарачых тураў” ніякім чынам не абмяжоўвае правоў патэнцыйнага турыста. У выпадку ўзьнікненьня праблемаў пры арганізацыі тура пра гэта неабходна адразу  паведаміць прадстаўніку турапэратара.

Калі ўмовы у гатэлі, альбо іншыя справы не адпавядалі дамове, кожны спажывец мае права цягам 30 дзён ад моманту завяршэньня туру скласьці скаргу.
         
І яшчэ некалькі справаў, пра якія варта памятаць, едучы на адпачынак за мяжу. „Эпоха дзікароў” ужо мінула і перад выездам трэба загадзьдзя падрыхтавацца. Найлепш за ўсё выязджаць з правераным турапэратарам.  Варта набыць страхоўку ад непрадугледжаных нешчасьлівых выпадкаў ці захворваньняў. Дадатковы выдатак невялікі, але сапраўды вельмі прыдатны.

Падрыхтавала Караліна Русіновіч