Суд па справе закрыцьця выданьня "Наша Ніва" адкладзены да моманту разгляду скаргі на трэцяе папярэджаньне. Гэта вынік уступнага разгляду справы, які адбыўся сёньня ў Вярхоўным гаспадарчым судзе.
Як падае сайт выданьня, судзьдзя Курыла задаволіў хадайніцтва адказчыка пра перанос разгляду.
Папярэдні разгляд справы аб трэцім папярэджаньні, вынесеным Міністэрствам інфармацыі, мае адбыцца 18 траўня. Газэта аспрэчвае яго ў законным парадку. Такім чынам, працэс закрыцьця выданьня, ініцыяваны Міністэрствам інфармацыі, зацягваецца. Аднак пакуль няма прыкмет, што ўлады памянялі рашэньне.
Як паведамлялася раней, Міністэрства інфармацыі падало ў суд пазоў з просьбай зачыніць «Нашу Ніву»й «Народную Волю» — два брэндавыя незалежныя выданьні.
кр/nn.by