• Беларуская мова ў гісторыі Беларусі – часопіс „Навіны зь Беларусі”
  • 12.05.2011

Беларуская мова ў гісторыі займала важнае месца ў жыцьці народу й дзяржавы. Беларуская эміграцыя зьвяртала вялікую ўвагу на слаўную мінуўшчыну мовы й такім чынам падкрэсьлівала, што няма прычынаў цурацца свае роднае мовы. Сёньня зазірнем на старонкі часопіса „Навіны зь Беларусі”, які пачаў выдавацца ў 1963 г. у Нью-Ёрку Камітэтам Радыё Свабода. Да 1969 году выйшлі 143 нумары. У „Навінах” падаваліся ў асноўным выпіскі зь беларускага друку, у якіх найбольш выразна праяўляліся факты савецкага жыцьця. Зьмяшчаліся таксама тэксты беларускіх перадачаў Радыё Свабода.

 У „Навінах зь Беларусі” немалая ўвага аддавалася справам роднае мовы. Закраналіся такія пытаньні, як: гісторыя беларускае мовы, яе русыфікацыя, значэньне народнай, дыялектнай мовы, культура мовы, статус роднае мовы на Бацькаўшчыне й разьвіцьцё беларускае мовы ў замежжы; паведамлялася пра новыя выданьні, якія выходзілі ў Беларусі, пра перакладчыцкую творчасьць ды пра асьвету. І менавіта на гэтыя пытаньні пастараюся зьвярнуць Вашую ўвагу, дарагія слухачы, цягам некалькіх бліжэйшых тыдняў.

 Думаю, што найбольш мэтазгодна пачаць зь гісторыі разьвіцьця беларускае мовы, зразумела, на падставе публікацыяў, якія паявіліся на старонках часопіса „Навіны зь Беларусі”.

 На старонках 10 (33) нумару часопіса з 31.05.1965 году было зьмешчанае паведамленьне пра юбілей Францішка Скарыны (Юбілей Франьцішка Скарыны, у: „Навіны зь Беларусі”, № 10 (33), Нью-Ёрк, 31.05.1965, с. 3) са спасылкай на публікацыю С. Майхровіча ў "Беларусі" („Беларусь”, № 4, Мінск, 1965, с. 20-21). Майхровіч адзначаў, што яшчэ ў XІX ст. канчаткова ўсталявалася ў славянскай гістарыяграфіі навуковая думка пра мову Скарыны, як мову беларускую. „Скарына пісаў ужо досыць чыстай і прыгожай беларускай мовай, блізкай да тагачаснай прастанароднай беларускай гаворкі й вуснай паэзіі” (Юбілей Франьцішка Скарыны, у: „Навіны зь Беларусі”, № 10 (33), Нью-Ёрк, 31.05.1965, с. 3). Па ягоных словах, гістарычная заслуга Скарыны палягае на тым, што ён першы „уславіў свабоду роднай беларускай мовы й практычна давёў жыцьцёвую неабходнасьць яе прызнаньня, як магутнага сродка ў барацьбе за пісьменнасьць і культуру простых людзей” (Тамсама, с. 3). Няма ніякага сумненьня ў тым, што менавіта пад жывым уплывам Скарыны й ягоных навукова-гістарычных тлумачэньняў да выдадзеных ім кніг, ужо ў першай рэдакцыі Літоўскага Статуту ў 1529 годе было юрыдычна канстытуявана непарушнае права беларускае мовы, як паўсямесна абавязковай у грамадзкім ужытку дзяржаўнай мовы (Тамсама ).
 
Часопіс ,,Навіны зь Беларусі” шырока асьвятляў моўныя адносіны ў пэрыяд ВКЛ. У артыкуле Пра беларускасьць мовы Вялікага Княства Літоўскага (у: „Навіны зь Беларусі”, № 4 (27), Нью-Ёрк, 28.02.1965, с. 3) цытаваліся выказваньні навуковага супрацоўніка Інстытуту літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР М. Прашковіча, апублікаваныя ў „ЛіМе” (М. Прашковіч, у: „Літаратура і Мастацтва”, Мінск, 12.02.1965). Аўтар артыкула зьвярнуў увагу на працу П. Яроменкі Украінскі пісьменьнік-палемісты Хрыстафор Філалет і яго Апокрыпсіс (Пра беларускасьць мовы Вялікага Княства Літоўскага, у: „Навіны зь Беларусі”, № 4 (27), Нью-Ёрк, 28.02.1965, с. 3). Беларускага дасьледчыка насьцярожыла, па ягоных словах, адна сур’ёзная недакладнасьць, а менавіта, дакладна не ўстаноўленае аўтарства Апокрыпсісу, які выдаваўся двойчы: першы раз ён выйшаў у Вільні ў 1597 годзе на польскай мове, а другі раз у перакладзе ў 1599 годзе ў Астрозе на Валыні. Праўдападобна, быў ён напісаны палякам-пратэстантам Мартынам Бранеўскім. Я. Карскі назваў мову перакладу заходнярускай, г.зн. беларускай, таму што ўкраінскую мову ён заўсёды называў паўднёварускай альбо маларускай. Беларускай называлі яе таксама В.Вольскі й А.Коршунаў. У сваю чаргу Яроменка напісаў, што Апокрыпсіс выдаваўся дзьвюма мовамі: польскай і ўкраінскай, альбо, дакладней – украінска-беларускай. Але навошта ламацца ў адчыненыя дxверы? – пытае М. Прашковіч. Хопіць зьвярнуцца да гісторыі. „Пасьля ўтварэньня Вялікага княства Літоўскага беларуская мова стала дзяржаўнай ня толькі для Беларусаў, але й для Літоўцаў. Пазьней-жа да Вялікага княства Літоўскага была далучаная большая частка ўкраінскіх зямель, і беларуская мова, як дзяржаўная й літаратурная, мэханічна была пашырана й на ўкраінскія землі, дзе бытавала прыкладна да 30-х гадоў XVІІ стагодзьдзя. Адсюль зразумела, што Апокрыпсіс мог быць перакладзены з польскай мовы толькі ў беларускую літаратурную мову таго часу” (Тамсама, с. 4).

 Дакумэнтаў пра гісторыю Беларусі XVІ-XVІІ стагодзьдзяў няшмат. Навуковыя супрацоўнікі Дзяржаўнага музэя БССР вялі безупынныя пошукі ў архівах краіны, установах і ў прыватных асобаў. І пра гэта   паведамлялі „Навіны зь Беларусі” (Старажытныя дакумэнты, у: „Навіны зь Беларусі”, № 16 (49), Нью-Ёрк, 31.08.1965, с. 3) са спасылкай на „Літаратуру і Мастацтва” („Літаратура і Мастацтва, Мінск, 17.08.1965). Удалося ім набыць 54 вельмі цікавыя й каштоўныя дакумэнты. Сярод іх: лісты караля Стэфана Баторыя, караля Зыгмунта, граматы караля Аляксандра. Дакумэнты адлюстроўваюць падзеі ў Слонімскім і Наваградзкім паветах. Многія з гэтых дакумэнтаў напісаныя на беларускай мове (Старажытныя дакумэнты, у: „Навіны зь Беларусі”, № 16 (49), Нью-Ёрк, 31.08.1965, с. 3).

 З часоў Зыгмунта Старога, Зыгмунта Аўгуста, Стэфана Баторыя дайшло да нашых дзён многа пэргамэнтаў на беларускай мове. Стары беларускі дакумэнт, які дайшоў да нас – дагавор караля Польшчы й князёў мазавецкіх з князямі літоўскімі пры Альгердзе – напісаны яшчэ ў 1380 годзе – адзначыў А.Карпюк на старонках „Маладосці” (А.Карпюк, Мільярд... і 30 год новай эры, у: „Маладосць”, Мінск, № 9, 1969, с. 104). Гэтую публікацыю заўважыў нью-ёрскі часопіс „Навіны зь Беларусі” (Старавечнае беларускае Панямоньне, у: „Навіны зь Беларусі”, № 20 (139), Нью-Ёрк, 30.10.1969, с. 4). Прынёманшчына здаўна размаўляла на беларускай мове, а мова гэтая, дарэчы, зьвязаная й з мовай Польшчы. У свой час вялікім князем літоўскім была яна нават прынесеная ў Кракаў на Вавэль і на працягу стагодзьдзяў лічылася мовай афіцыйнай, нароўні з польскай, нямецкай, латыньню, і выкарыстоўвалася нават пры дыпляматычных перамовах (Тамсама).

А як паводзяць сябе беларусы ў розных абставінах, ужо даўно заўважыў Янка Купала:

З панамі ён заўжды па-польску,
А з ураднікам – па руску,
Як у доўг у Мойшы просе,
Гутэн моргэн – буркне ў носе;
А як сядзе ў кутузку –
Ўсіх кляне па-беларуску! (Тамсама)

Ніна Баршчэўская