• Раманчук каецца й просіць прабачэньня ў Ірыны Халіп
  • 11.05.2011

Экс-кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Яраслаў Раманчук папрасіў прабачэньня ў журналісткі Ірыны Халіп. Нагадаем, што на наступны дзень пасьля выбараў Раманчук зрабіў заяву на дзяржаўным тэлебачаньні, у якой усклаў віну за так званыя масавыя беспарадкі на Халіп.

Свае прабачэньні палітык прынёс трошкі нетыпова – на сваім блёгу на сайце радыёстанцыі “Эхо Москвы”. Пра Ірыну Халіп і іншых удзельнікаў акцыі 19-га сьнежня Раманчук напісаў:

“Не плянавалі яны вялікай бяды й злачынства. І малой не плянаваліі. Няма ані доказаў, ані паказаньняў”.

Далей экс-кандыдат працягвае:

“Я таксама каюся перад Ірынай. Каюся й прашу прабачэньня. За сказанае не па сваёй волі, вымаўленае пад магутным ціскам. Дзякуй Богу, што ўсе засталіся жывыя. Для мяне тады гэта было галоўным.

Сёньня галоўнае, каб не засудзілі Ірыну. Каб яна была свабоднай, каб яе сям'я была разам, каб у Беларусі не было палітвязьняў”.

На інтэрнэт-форумах і ў блёгах Яраслава Раманчука заклікаюць прыйсьці ў будынак Заводзкага раённага суда й папрасіць прабачэньня ў Халіп асабіста. Справа ў тым, што знаходзячыся пад хатнім арыштам, Ірына не мае права карыстацца інтэрнэтам і наўрад ці прачытае допіс Раманчука.

дг