У розных судах Менску судзяць пяцёх экс-кандыдатаў у прэзыдэнты: Андрэя Саньнікава, Уладзімера Някляева, Віталя Рымашэўскага, Дзьмітрыя Уса й Мікалая Стакевіча. Частку зь іх абвінавачваюць у арганізацыі масавых беспарадкаў, а частку - у арганізацыі дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак. Палітыкам пагражае ад 3 да 15 гадоў турмы.
Агулам на лаве падсудных сёньня апынуліся больш за 25 чалавек. Сярод іх журналістка Ірына Халіп, палітык Павал Севярынец, якія не прызнаюць сваёй віны. Севярынец адмовіўся ад паказаньняў. Сваёй віны не прызнаюць таксама Ус і Статкевіч. Былы кіраўнік выбарчага штабу Статкевіча Сяргей Марцэлеў сваю віну прызнаў цалкам.
Адвакат Ірыны Халіп зьвярнулася да судзьдзі з хадайніцтва вызваліць яе з-пад хатняга арышту, матывуючы гэта тым, што яна зьяўляецца адзінай карміліцай у сям’і й выхоўвае 3-гадовага сына. Аднак судзьдзя адмовіла.
Тым часам на працэсе ў судзе Маскоўскага раёну пракурор запатрабаваў для шасьці ўдзельнікаў дэманстрацыі 19-га сьнежня тэрміны зьняволеньня ад 3,5 да 4 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
дг