Нацыянальны банк Беларусі зь сёньняшняга дня адмяніў рэкамэндацыйныя абмежаваньні па ўстанаўленьню банкамі курсаў зьдзелак па куплі-продажы замежнай валюты з насельніцтвам. Гэта азначае, што ад сёньня банкі самі могуць устанаўліваць курс валюты.
У той жа час, як паведаміла “Наша Ніва”, банкіры атрымалі чарговую, гэтым разам нефармальную “рэкамэндацыю”, каб курс даляра не перакрочваў 4 000 беларускіх рублёў. “Большасьць банкаў купляе даляр за 3990 рублёў, а прадае за 4000» - паведамляе nn.by.
Рашэньне Нацбанку пакуль ніяк не адбілася на сытуацыі з адсутнасьцю валюты ў абменьніках. “Даляра й эўра як ні было, так і няма” – чуюць найчасьцей ахвотыя прадаць беларускія рублі з вакна пункту абмену валюты.
Дэфіцыт валютных сродкаў на дадзеным сэгменце рынка, тлумачыць агенцтва БелТА, склаўся ў сакавіку бягучага года ў выніку павышанага попыту грамадзян на наяўную замежную валюту для набыцьця транспартных сродкаў за мяжой, а таксама ў сувязі з распаўсюджваньнем розных чутак, якія правакуюць ажыятажныя паводзіны насельніцтва.
дг