У сераду Нацыянальны банк Беларусі адмяніў абмежаваньні па ўстанаўленьні банкамі курсаў па набыцьці й продажы замежнай валюты насельніцтву. У паведамленьні, зьмешчаным на афіцыйным сайце Нацбанка гаворыца, што гэты крок зроблены ў межах рэалізацыі пляну паэтапнага выхаду на адзіны курс беларускага рубля й стабілізацыі сытуацыі на ўнутраным валютным рынку.
У Нацбанку спадзяюцца, што адмена рэкамэндацыйных абмежаваньняў дазволіць ліквідаваць чорны валютны рынак, які ўтварыўся ў сувязі з дэфіцытам валюты на наяўным рынку й ажыятажнымі паводзінамі насельніцтва, выкліканымі распаўсюджваньнем розных чутак. Ва ўстанове таксама мяркуюць, што адмена абмежаваньняў на валютным рынку дазволіць зьбіць ажыятажны попыт насельніцтва на валюту.
На думку былога старшыні Нацбанка Станіслава Багданкевіча, дазволіць на свабодны курс валюты трэба было ўжо даўно, каб такім чынам захаваць спраўны валютны рынак у краіне.
Па выніках бягучага году замежная запазычанасць краіны можа дасягнуць 65% ВУП, што ў значнай ступені абмяжуе ейную магчымасьць запазычанасьці на замежных рынках. У надыходзячых 2012–2013 гадох прыпадзе пік выплат па крэдытах, атрыманых у 2006–2008 гадох. Акрамя гэтага, афіцыйнаму Менску ня варта спазіраць у бок Масквы. Міністар фінансаў РФ Алаксей Кудрын заявіў, Расея ня выдзеліць Беларусі міждзяржаўны крэдыт памерам ў 1 млрд. даляраў, паколькі, акрамя крэдытнай падтрымкі, Менск павінен прыватызаваць шэраг аб’ектаў, якія могуць зацікавіць замежных інвэстараў, і гэта дазволіла б атрымаць каля 2 мільярдаў даляраў ад прыватызацыі. Кудрын нагадаў, што два гады таму Беларусь паставіла задачу стаць самай інвэстыцыйна прывабнай краінай, для чаго прапаноўвала прыватызаваць некаторыя дзяржаўныя прадпрыемствы, таму павінна імкнуцца рэалізаваць пастаўленую мэту.
Беларусь зьяўляецца адзінай краінай у Эўропы, якая змагла ажыцьцявіць рэзкую дэвальвацыю нацыянальнай валюты цягам апошніх 12 месяцаў.
Ад 2008 году беларускі рубель абясцэніўся больш як на 90% (безнаяўны — на 135%), а гэта свайго роду абсалютны антырэкорд кантынэнта.
КР