• Салідарнасьць: Звольненая настаўніца атрымала 117 грашовых пераводаў
  • 12.05.2011

Звольненая настаўніца Талькаўскай сярэдняй школы Натальля Ільлініч атрымала 117 грашовых пераводаў у рамках акцыі ў яе падтрымку, якая стартавала 1 красавіка.

У інтэрвію БелаПАН Ільлініч паведаміла, што сярэдняя сума пераводаў складае каля 50 тыс. рублёў. "Больш за ўсё мяне кранулі пяць тысяч рублёў, якія прыслаў жыхар вёскі Сьнядзін Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласьці. Ад некаторых я атрымала ўжо два пераводы", — адзначыла пэдагог.

Паводле яе слоў, пераводы, а таксама цёплыя словы падтрымкі ад калег, у тым ліку знаёмых па курсах павышэньня кваліфікацыі ў Менску і па творчай акцыі школьнікаў "Што я ведаю пра Эўропу?" у Вільні, сьведчаць аб тым, што "людзі жадаюць, каб праўда перамагла". "Яны падтрымліваюць мяне ў гэтым імкненьні", - сказала Ільлініч.

Настаўніца гісторыі вышэйшай катэгорыі Натальля Ільлініч была звольнена з працы 27 студзеня. Пэдагог лічыць, што звальненьне зьвязана з яе актыўнай грамадзянскай пазыцыяй.

Ільлініч 26 гадоў адпрацавала ў Талькаўскай школе, дзе стварыла краязнаўчы гурток і сайт talka.info, выдала кнігу "Талька й ваколіцы", дасьледуе нацыянальна-вызваленчае паўстаньне 1863 года Кастуся Каліноўскага ў Ігуменскім павеце, штогод праводзіць Талькаўскі фэстываль - сьвята, якое любяць школьнікі й добра ведае грамадзкасьць. Сярод яе выхаванцаў - філёсафы, сацыёлягі, гісторыкі й фальклярысты.

БелаПан/дг