• Генпракурор пра выканаўцу выбуху: У яго мазгі набакір
  • 12.05.2011

Генэральны пракурор Беларусі Рыгор Васілевіч заявіў, што сьледзтва па справе аб тэракце ў менскім мэтро ня мае дадзеных аб тым, што за выканаўцам выбуху стаяць палітычныя ці нейкія іншыя сілы, перадае агенцтва Інтэрфакс. Пра гэта Васілевіч заявіў, выступаючы перад дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў.

Кажучы пра матывы зьдзейсьненага злачынства, генпракурор адзначыў: “Які можа быць матыў у чалавека, які зьдзейсьніў злачынства, што пацягнула гібель людзей?”. “Гэты чалавек - разумны. Але тое, што ў яго мазгі набакір, гэта несумненна”, - сказаў Васілевіч.

На працягу бліжэйшых двух месяцаў будзе вядома, калі справа трапіць у суд.

Дзеля таго, каб не дапусьціць падобных злачынстваў у будучыні, генпракурор падкрэсьліў, што "ёсьць падставы для прыняцьця шэрагу мер прававога, арганізацыйнага, ідэалягічнага характару ".

У выніку выбуху ў менскім мэтро 11 красавіка загінулі 14 чалавек, каля 200 пацярпелі. Двум грамадзянам Беларусі прад’яўленае абвінавачваньне па факце тэрарызму - ч. 3 арт. 289 Крымінальнага кодэкса Беларусі.

Інтэрфакс-Захад/дг