• Запрашаем у падарожжа па цікавых месцах Беларусі
  • 14.05.2011

Гальшаны захавалі некалькі легендаў аб тым, хто й як засноўваў гэтае слаўнае мястэчка.

Паданьне, што засталося ў летапісах, распавядае: “паляваў у тутэйшых лясах князь Гольша, і за ракою – Вільняй, убачыў ён гару, а калі ўзышоў на яе, то да таго цудоўны краявід адкрыўся яму, што вырашыў ён заснаваць тут горад...”

Так распачало сваё існаваньне Гальшанскае княства, якое да 15 ст. ахoплівала гігантычныя тэрыторыі свайго гаспадараньня. Прадстаўнікі мужчынскай лініі роду Гальшанскіх доўгі час займалі высокія пасады ў ВКЛ, праславілі свой род таксама й жанчыны з Гальшанскіх – Ульляна стала жонкай вялікага князя Вітаўта, а Соф’я – выйшла замуж за Ягайлу, калі яму быў 71 год, а ёй 17, яна была каранавана й стала пачынальніцай каралеўскага роду Ягелёнаў.

У 16 ст. Гальшаны пераходзяць у рукі прадстаўнікоў другога знатнага магнацкага роду – Сапегаў. Падканцлер Вялікага княства Літоўскага Павал Стэфан Сапега будуе ў 17 ст. у Гальшанах сваю асабістую рэзыдэнцыю, замкава-палацавы комплекс, аналягаў якому на той час не было ў ВКЛ.

Павел Стэфан Сапега, які выгнаў са сваіх уладаньняў пратэстантаў-кальвіністаў, запрасіў у Гальшаны каталіцкі ордэн францысканаў і пабудаваў для іх кляштар і касьцёл.

Павел Стэфан Сапега вырашыў прымеркаваць адкрыцьцё кляштара да аднаго са сьвятаў. Але ў час агляду адна са сьцен нечакана абвалілася. Князь загадаў тэрмінова аднавіць яе. Але і ў другі раз сьцяна абвалілася на яго вачах.

Напалохаўшыся, будаўнікі вырашылы прынесьці ахвяру – замураваць у сьцяну першую з жонак, якая прынясе абед. Малады каменшчык, які толькі што ажаніўся, больш за ўсіх прасіў Бога, каб не яго каханая аказалася першай. Але яго малітвы не былі пачутыя. Менавіта яго маладую й прыгожую жонку замуравалі ў сьцяну...

Прайшлі стагодзьдзі, амаль зьнік гальшанскі замак, перабудоўваўся касьцёл, а кляштар стаіць усё так жа моцна. Душа маладой жанчыны не дае яму ўпасьці...Кожную ноч пад скляпеньнямі келій кляштара, гулкім рэхам разносяцца яе хуткія крокі...

ак