Сусьветны дзень Малітвы за пакліканьні

Сёньня адзначаецца Сусьветны дзень Малітвы за пакліканьні да сьвятарства й манаскага жыцьця. Згаданы дзень адзначаецца ў IV вялікодную нядзелю. Сёлета ён праходзіць 48 раз.

Паводле апошніх дадзеных Агульнапольскай рады душпастырства пакліканьняў, колькасьць кандыдатаў у сьвятарства й манастыры ў Польшчы (як мужчынаў, так і жанчынаў) утрымліваецца на леташнім узроўні.

У мінулым годзе падрыхтоўку да сьвятарства ў дыяцэзіяльных і манаскіх духоўных сэмінарыях распачаў 851 кандыдат, а ў жаночых манастырах – 316 кандыдатак ды 40 у зачыненых кляштарах. 

Паводле старшыні Агульнапольскай рады душпастырства пакліканьняў біскупа Веслава Ляховіча, згаданыя лічбы можна параўнаць з гадамі 2008 і 2009.

Гэта сьведчыць пра тое, што пасьля падзеньня колькасьці пакліканьняў, якое назіралася ў 2007 годзе , колькасьць кандыдатаў на сьвятароў і манахаў ды манашак стабілізуецца. Калі гаворка ідзе пра колькасьць кандыдатаў, дык на першым месцы знаходзіцца сэмінарыя ў Тарнаве, а далей у чарговасьці ў Катавіцэ, Кракаве, Познані й Варшаве. Сярод манастыраў найбольшай папулярнасьцю карыстаюцца супольнасьці францішканцаў, дамініканцаў і капуцынаў. 

kai/аз

Дзень памяці памерлых ад СНІДу

Сёньня, у Дзень памяці памерлых ад СНІДу, адбылася малітоўная акцыя „Сьвечка адзінства”.

Малітва за тых, каго закранула праблема СНІДу, прайшла па бласлаўленьні мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча ў менскім архікатэдральным касьцёле.

Пасьля літургіі адбыўся канцэрт клясычнай музыкі. Падчас выкананьня „Арыі” Ёгана Сэбастыяна Баха былі запалены лампадкі.

У акцыі ўдзельнічалі прадстаўнікі каталіцкага касьцёла й праваслаўнай царквы, Міністэрства аховы здароўя РБ і Праграмы разьвіцьця ААН у Беларусі.

Міжнародны Дзень памяці памерлых ад СНІДу адзначаецца ў звыш 75 краінах сьвету кожную трэцюю нядзелю траўня. Упершыню гэты дзень адзначаўся ў Сан-Францыска (ЗША) у 1983 г. Арганізатарамі акцыі сталі людзі, якія перанеслі боль страты родных людзей, хворых СНІДам.

Catholic.by/аз

Арцыбіскуп Чэльлі выступіў на канфэрэнцыі для СМІ ў Менску

13 траўня ў Менску адбылася адмысловая канфэрэнцыя для прадстаўнікоў сьвецкіх і рэлігійных сродкаў масавай інфармацыі ў Беларусі.

Ганаровым госьцем мерапрыемства быў старшыня Папскай рады па сродках масавай камунікацыі арцыбіскуп Кляўдыё Марыя Чэльлі, які прыбыў у Беларусь зь візытам.

На канфэрэнцыі арцыбіскуп Кляўдыё Марыя Чэльлі выступіў з дакладам „Этыка ў СМІ”.

Catholic.by/аз


У Старым Сончы ўзьнікае музэй кс. Ю. Тышнэра

У Старым Сончы ўзьнікне музэй вядомага польскага філёсафа ды ксяндза Юзэфа Тышнэра. Ягонай сядзібай будзе архітэктурны помнік Дом на Ямках (Dom na Dołkach).

У будынку знаходзіцца ўжо заля памяцьці ксяндза-прафэсара, дзе можна пабачыць шмат каштоўных памятных рэчаў і экспанатаў, але ў сувязі з недахопам месца паказваецца толькі частка экспазыцыі.

Тым часам, як гаворыць старшыня Таварыства аматараў гораду Стары Сонч Анджэй Длугаш , колькасьць экспанатаў павялічваецца.

Анджэй ДлугашУ нас ужо ёсьць пішучая машынка, асабістыя рэчы, больш за 100 здымкаў і амаль 200 кніжак зь бібліятэкі ксяндза- прафэсара.  Залі пад музэй павінны быць адрамантаваныя, а на ўсё гэта патрабуюцца сродкаў. У сувязі з гэтым таварыства вырашыла выпусьціць адмысловыя білеты коштам 5,10,20, 50 злотх, якія можна купіць у Старым Сончы ў нашым музэі. Іх будуць прадаваць таксама чальцы нашага таварыства на тэрыторыі Старога Сонча.

- гаварыў старшыня Таварыства аматараў гораду Стары Сонч Анджэй Длугаш.

Таварыства плянуе таксама рэканструяваць пакойчык ксяндза Тышнэра, куды будзе дастаўлена мэбля з дому ягоных бацькоў. Кошт стварэньня музэю - каля 30 тысячаў злотых.

У Турыне будуць абмяркоўваць дыялёг хрысьціянства зь ісламам

3 1 траўня-2 чэрвеня ў Турыне адбудзецца II Сустрэча біскупаў і прадстаўнікоў канфэрэнцыяў біскупаў, адказных за дыялёг зь ісламам у Эўропе.

Сустрэчу арганізоўвае Рада канфэрэнцыяў біскупаў Эўропы (CCEE). Сярод тэмаў, якія будуць абмяркоўвацца, між іншы, рост ісламафобіі ў сучасных хрысьціянскіх супольнасьцях і грамадзтвах.

Акрамя таго, заплянаваныя дыскусіі на тэму душпастырскіх задачаў у галіне адукацыі, а таксама турэмнага, вайсковага, шпітальнага й ўнівэрсытэцкага душпастырстваў у сувязі з прысутнасьцю там ісламскіх вернікаў. Будзе прадстаўленая сытуацыя ў Францыі, Швайцарыі й Босьні.  Удзельнікі сустрэчы будуць канцэлебраваць супольнае набажэнства ў турынскай катэдры.

Падрыхтавала Анна Задрожна