МЗС Беларусі не выключае магчымасьці прымяненьня кропкавых мер супраць асобных палітыкаў і структур - генэратараў антыбеларускай дзейнасьці, заявіў прэс-сакратар міністэрства Андрэй Савіных.
Дыплямат дадаў, што на дадзены момант афіцыйны Менск спрабуе паўплываць на Брусэль, каб Эўропа не рэалізоўвала заклікі Эўрапейскага парлямэнту. “Калі нашыя ўмовы будуць рэалізаваныя станоўча, то, магчыма, аб адказных мерах нам гаварыць не давядзецца,” – сказаў Савіных.
Нагадаем, у апошняй рэзалюцыі эўрапейскія дэпутаты заклікалі Раду ЭЗ увесьці кропкавыя эканамічныя санкцыі супраць Беларусі.
У бліжэйшы час улады могуць забараніць выезд на мяжу прадстаўнікам апызыцыі. Пра гэта на мінулым тыдні паведаміла крыніца ў Адміністрацыі прэзыдэнта, удакладніўшы, што гаворка ідзе прыблізна пра 200 чалавек.
Кіраўнік праўладнага Аналітычнага цэнтру ЕсооМ Сяргей Мусіенка заявіў на адным зь дзяржаўных тэлеканалаў, што “гэтыя беларускія грамадзяне ствараюць адмоўны імідж краіны за мяжой”. "У той час, - працягваў Мусіенка, - як шматлікія беларускія міністэрствы, ведамствы, прадпрыемствы накіроўваюць свае намаганьні на тое, каб наладзіць адносіны з ЭЗ, зрабіць імідж краіны пазытыўным, у гэтых людзей іншая задача, ім за гэта плацяць грошы”.
дг