• Не баюся, а каго тут баяцца? (ФОТА)
  • 16.05.2011

На Радаўніцу ў адселеныя вёскі едуць сваякі, каб прыбраць магілы родных. На могілках напраўду многа прыбраных магіл, а ёсьць і цэлыя сямейныя пахаваньні, зь нядаўнімі курганамі зямлі. Відаць, некаторыя вязуць на апошні спачын сваякоў у родную зямлю.
У вёсцы Двор Савічы Брагінскага раёна да аварыі на ЧАЭС было больш за трыста двароў і нават бальніца. Цяпер тут жыве зь дзесятак людзей. Вёска разбураная, дамы спустошаныя. Мясцовыя жыхары кажуць, што ўлады плянуюць пазносіць нежылыя двары.

У вёсцы жыве й сям’я з двума малымі дзецьмі. Дзяўчынкі Аксана й Ніна ходзяць у пачатковую школу. Іх маці Ірына працуе паштальёнам, праўда лістоў зараз пішуць мала, збольшага сваякам тэлефануюць. Бацька дзяўчынак – Аляксандар – працуе лясьнічым у радыёэкалягічным запаведніку. Ірына гаворыць, што дзяўчатак ў школу за дваццаць кілямэтраў возіць аўтобус. На здароўе й нястачу грошай жанчына не скардзіцца.

Ірына: У Хракавічы возяць аўтобусам, далекавата, кілямэтраў дваццаць. Як чалавек хоча вучыцца, то настаўнікі дапамагаюць. У другой клясе можна запісацца дадаткова на нямецкую мову. Розныя кружкі, абы грошы былі. От нямецкі ў месяц каштуе каля васьмі тысяч. Нармальнае здароўе. Так, зімой трохі хварэюць, звычайнымі прастуднымі захворваньнямі. Як сваё будзеш мець, дык грошай хапае. Усё вырошчваем – і бульбу.

Жыць у амаль пустой вёсцы сям’я не баіцца. Адзінае, скардзяцца, што няма работы. Маўляў, ад таго й моладзь з гэтага рэгіёну зьяжджае.

Аляксандар: Горш за чалавека зьвера няма. Работы няма, вось у чым пытаньне. Калі б была тут праца... Я ў зоне, у запаведніку працую, дык у нас заробак больш мільёна, пайкі. Праўда, пайкі за шкоднасьць дванаццаць тысяч, і іх ужо колькі год не падымалі.

Яшчэ адна жыхарка адселенай вёскі Марыя Чэчка таксама з самотным жыцьцём зьмірылася. На жанчыну аднойчы напаў ды пакусаў воўк, але страху вялікага ў блізкім суседзтве зь дзікімі жывёламі яна не бачыць.

Марыя Чэчка: Я лягу спаць, дык ні фортку, ні дзьвярэй ні замыкаю. Толькі сэрца забаліць, то я ў стану і ўсё паадчыняю. Не баюся, а каго тут баяцца? Дзіку я не трэба. Ён на гарод прыйдзе ды бульбу паесьць, а я яму на што?

Сын Марыі – Валер Чэчка – у 1986-ым жыў і працаваў у Прыпяці побач з чарнобыльскай АЭС. Мае пасьведчаньне ліквідатара. Гаворыць, што жывы, бо “акліматызаваўся да радыяцыі”, а вось маладыя салдаты, якіх кінулі ў 1986-ым годзе на ліквідацыю наступстваў аварыі, памерлі.

 

Валер Чэчка: Гэта цяпер пачалі разьбірацца. А раней: “Чарнобыль-Чарнобыль”. Пра Прыпяць нічога не гаварылі, а гэта ж маладзёжны такі гарадок. Калі здарылася, на рыбалку паехалі ранкам -- выходны ж быў. Едзем, а там нешта блішчыць. Ніхто ж нічога не гаварыў. Дзеці ў школу хадзілі. Раніцай вадавозкі мыюць асфальт, а мы думаем: “О, мэр харошы, раз асфальт мые”. А яно, відаць, ужо пыхала, раз яшчэ да выбуху асфальт мылі. Толькі на трэці дзень людзей пачалі вывозіць.

З украінскага боку зона атчужэньня складае 2,5 тысячы квадратных клімэтраў. Разам з зонай абавязковага адсяленьня гэта – 2,6 тысячы квадратных эклімэтраў. Першы намесьнік старшыні дзяржаўнага агенцтва па кіраваньню зонай адчужэньня Дзьмітрый Бабро расказвае, што ў зону рэгулярна наведваюцца людзі. “Гасьцей” зоны ахова падзяляе на тры катэгорыі: навукоўцы, журналісты, другая катэгорыя – былыя жыхары й іх радня. Дарэчы апошнія любяць прыяжджаць у Чарнобыльскую пушчу за ягадамі-грыбамі. Да аварыі тут былі чыстыя лясы, мясцовыя жыхары актыўна хадзілі за прыродным багацьцем. Дык цяпер іх дзеці, быццам памяцьцю роду сюды езьдзяць. Трэцюю катэгорыю турыстаў – так званых сталкераў – пэрсанал зоны не любіць.

Дзьмітрый Бабро: Тут нельга пахадзіць па лясах, дарожках. Тыя, хто называюць сябе “сталкерамі” ня могуць апраўдваць вострымі адчуваньнямі небясьпеку заражэньня, якую нясуць сваім блізкім. Каго могуць, таго ловяць. У нас за незаконнае пранікненьне ў зону штотыдзень ловяць пяць-дзесяць чалавек. Штраф – трыста з нечым грыўнаў, калі яны не займаліся тут браканьерствам ці зборам мэталу.

З украінскага боку ў зоне жыве 210 самасёлаў. Паміж імі й адміністрацыяй зоны адсяленьня дзейнічае джэнтэльмэнскае пагадненьне. Людзям падвозяць прадукты, вядуць дазымэтрычны кантроль. Гавораць, што разумеюць: для старых высяленьне будзе вялікай псыхалягічнай траўмай. Але новых людзей стараюцца ў зону на жыхарства не пускаць. Тым больш з малымі дзецьмі.

Дзьмітрый Бабро: Прыкладна тысяча квадратных кілямэтраў ніколі ня будуць адкрытыя. Там заўсёды будзе дзейнічаць радыяцыйны фактар. Я кажу “заўсёды”, бо пэрыяд паўраспаду аднаго з ізатопаў плутонію, які вызначае забруджанасьць, – 24 тысячы год. Плутоній тут будзе заўсёды. Што тычыцца стронцыю й цэзію, якія ёсьць галоўнымі дозаўтваральнымі ізатопамі, то пэрыяд іх паўраспаду складае 30 год. У прынцыпе за дзесяць пэрыядаў паўраспаду іх колькасьць за кошт фізычнага фактару зьменшыцца ў тысячу разоў. Нейкія паўднёвыя ўчасткі зоны адчужэньня праз некалькі дзесяткаў год могуць быць пераведзеныя ў іншы статус.

За 25 гадоў, якія прайшлі пасьля аварыі на ЧАЭС, Беларусь увяла ў гаспадарчы абарот 16 350 квадратных кілямэтраў зямель з першапачаткова забруджаных радыяцыяй 46 450 квадратных кілямэтраў. Улады тлумачаць гэта тым, што адбываецца натуральны паўраспад радыенуклідаў і яны становяцца бясьпечнымі для выкарыстаньня.

Марыя Кароль