• С. Алексіевіч: Дыктатура – гэта заўсёды малакультурны стан грамадзтва
  • Audio5.38 MB
  • 16.05.2011

 

Сьвятлана Алексіевіч стала ляўрэатам прэстыжнай польскай узнагароды імя Рышарда Капусьціньска за лепшы літаратурны рэпартаж. Яна атрымала прэмію за вядомую кнігу “У вайне на жаночы твар”. Сьвятлана Алексіевіч была запрошаная на Варшаўскі кніжны кірмаш, дзе сустрэлася з польскімі чытачамі.

“У вайны не жаночы твар” – гэта кніга, складзеная зь інтэрвію зь некалькімі  сотнямі ўдзельніц Другой сусьветнай вайны. Яны былі часткай таго мільёна жанчын, які ваяваў супраць нацыстаў у шэрагах Савецкай арміі.

Перажыўшы жахі вайны, да якіх маладыя дзяўчыны не маглі быць падрыхтаваныя, яны пасталелі вельмі заўчасна. Вярнуўшыся з фронту, замест пашаны, яны чулі абразы – у распусьце, “нежаночасьці”, у тым, што “палезьлі не ў сваю справу”. Маці адной з гераінь нават выправадзіла дачку з хаты, бо на жанчын-франтавічак глядзелі як на “дзяўчын лёгкіх паводзінаў”.  Яна баялася, што з-за старэйшай дачкі малодшыя ня змогуць выйсьці замуж. Мужчынскі сьвет жорстка адпомсьціў жанчынам, якія ні ў чым не былі вінаватыя – кажа Сьвятлана Алексіевіч.

С. Алексіевіч: Я думаю, гэта рэакцыя грамадзтва, якое затрымалася ў сваім разьвіцьці. Ва ўсіх разьвітых краінах сьвету жанчыны служаць у арміі нароўні з мужчынамі. Там створаны нармальныя ўмовы, і нікому ў галаву ня прыйдзе выстаўляць жанчынам такія абвінавачаньні.


Вайсковая служба ў Беларусі да сёньняшняга дня лічыцца не жаночай справай. Нягледзячы на тое, што жанчынаў у арміі шмат, стаўленьне да іх нельга назваць пазытыўным. І гэта абсалютна ненармальна – кажа Сьвятлана Алексіевіч.

С. Алексіевіч: Я лічу, што жанчына можа займацца любой справай, якая ёсьць на зямлі. Гэта нельга ставіць ёй у віну. Яна мае на гэта поўнае права. Непрыняцьцё - гэта адна з праяваў вясковай самасьвядомасьці, якая дамінуе ў нашай краіне, у тым ліку ў палітыцы, у культурным жыцьці. Не забывайце, што ў нас па-сутнасьці вясковая малакультурная ўлада. Дыктатура – гэта заўсёды малакультурны стан грамадзтва.

Свае кнігі Сьвятлана Алексіевіч піша доўга – каля 7 гадоў. У сярэднім яна праводзіць інтэрвію з 500 асобамі. У кнігу трапляе толькі кожны 7 аповед. Людзі кажуць пра трагічныя перажываньні, вайну, катастрофы, сьмерць. Літаратар ня можа дасьведчыць усяго таго, што перажылі яго героі, але адсустнасьць асабістага досьведу не павінна палохаць пісьменьніка. Галоўнае – даць чалавеку выказацца й зразумець яго, кажа Сьвятлана Алексіевіч.

С. Алексіевіч: Пісьменьнікі часта пішуць пра рэчы, якія яны не спазналі ці сьведкамі якіх яны не былі. Яны пішуць пра бардэлі, эўтаназію, пра апэрацыі на сэрцы, якія яны, зразумела, ніколі не праводзілі. Я была на вайне ў Афганістане, якой прысьвечаная мая кніга “Цынкавыя хлопчыкі”. Гэта, канешне, дало мне пэўны досьвед. Калі ты хаця б раз бачыў забітага чалавека, ты па-іншаму глядзіш на вайну. Але асабісты досьвед - далёка не самая галоўная рэч, патрэбная для таго, каб пісаць. Жанр, у якім я працую, заснаваны на аповедах людзей. Тут важна іншае – зразумець іншага чалавека.

Кнігі пра вайну, сталінізм, якімі так цікавілася беларускае грамадзтва ў пачатку 1990-х гадоў, сёньня пыляцца на паліцах. Людзі займаюцца вульгарным спажывецтвам. Яны яшчэ не ўсьведамляюць, што грамадзтва, якое не асэнсоўвае свайго мінулага й сёньняшняга дня, ніколі ня будзе жыць у спакоі ды дабрабыце.

С. Алексіевіч: Гэта вельмі небясьпечны фэномэн. У Беларусі ён прывёў да таго, што ў нас зьявіўся Лукашэнка. Ён зьявіўся, бо грамадзтва не занятае асэнсаваньнем таго, што зь ім было, што будзе, што зь ім адбываецца цяпер. Людзі занятыя зусім іншым. Мы перажылі вельмі страшную савецкую гісторыю: ГУЛАГ, Сталіна, вайну – але мы пра ўсё гэта не пагаварылі й не гаворым да гэтай пары. Мы гаворым пра эўрарамонты й паездкі ў Эгіпет. У такім стане паўзабыцьця зь людзьмі можна рабіць усё, што заўгодна. Што з намі й адбываецца.

Сьвятлана Алексіевіч заканчвае працу над сваёй новай кнігай. Яе героі распавядаюць пра перамены, якія адбыліся ў постсавецкіх краінах ў апошнія 20 гадоў.

С. Алексіевіч: Новая кніга называецца “Час “second-hand” (Канец чырвонага чалавека)”. Ёй я заканчваю сваю энцыкляпэдыю “Галасы ўтопіі. Гісторыя чырвонай ідэі”. У гэтай кнізе я апісваю, як савецкі чалавек зьнікае, што зь ім адбываецца на постсавецкай прасторы. Яна распавядае пра тое, як развальваўся Савецкі Саюз, пра 20 гадоў нашага жыцьця, пра тое, як пачыналася Перабудова, як мы ва ўсё гэта верылі й чаму ў нас зноў нічога не атрымалася.

Ужо каля 10 гадоў Сьвятлана Алексіевіч жыве ў эміграцыі - спачатку ў Італіі, затым у Швэцыі, пры гэтым яна часта наведвае Радзіму. Пісьменьніца намераная вярнуцца ў Беларусь.

С. Алексіевіч: Я хачу вярнуцца дадому як мага хутчэй, таму што дыктатуру я, хіба што, не перажыву. У любым выпадку, спадзяваньняў на хуткія перамены пакуль няшмат. Пэўная частка моладзі, перадавая частка старэйшага пакаленьня, канешне, за гэта змагаецца, але грамадзтва ў асноўным маўчыць.

Сьвятлана Алексіевіч спадзяецца, што пасьля эпохі эўрарамонтаў беларускае грамадзтва нарэшце задумаецца над маральнымі каштоўнасьцямі, пачне асэнсоўваць сёньняшнюю рэчаіснасьць і мінулае. “Іншага шляху няма. Чалавецтва разьвіваецца. Я спадяюся, што мая ўнучка будзе жыць у іншых часах,” – кажа Сьвятлана Алексіевіч.


Аляксандар Папко