У судзе Заводзкага раёна Менска пачаўся працэс чатырох актывістаў беларускага анархісцкага руху.
Ігар Аліневіч, Мікалай Дзядок, Аляксандр Францкевіч і Максім Веткін абвінавачваюцца ва ўчыненьні шэрагу нападаў на будынкі, падпалаў і іншых злачынстваў.
У прыватнасьці, яны абвінавачваюцца ў правядзеньні несанкцыянаванай антываеннай акцыі каля будынка Міністэрства абароны Беларусі ў 2009 годзе, закідваньні бутэлькамі з запальнай сумесьсю тэрыторыі пасольства Расеі ў Менску й будынка Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП) на вуліцы Акрэсьціна ў 2010 годзе. Ім таксама інкрымінуецца шэраг нападаў на іншыя будынкі — закідваньне фаерамі сталічнага казіно „Шангры Ла” й будынка Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі.
Акрамя гэтага, Францкевічу выстаўлена абвінавачаньне ва ўзломе сайта Наваполацкага гарвыканкама, што кваліфікуецца на падставе ч. 2 арт. 351 КК (камп’ютарны сабатаж).
Усім чатыром пагражае пакараньне ў выглядзе пазбаўлення волі да 12 гадоў.
Справу разглядае судзьдзя Заводзкага суда Менска Жанна Хвайніцкая.
nn.by/аз