18—19 траўня ў Менск прыбудуць прэм'ер-міністры шэрагу краін СНД для ўдзелу ў пасяджэньнях Савета кіраўнікоў урадаў СНД, Міждзяржсавета ЭўрАзЭС і вышэйшага органа Мытнага саюза. Пасяджэньні пройдуць 19 траўня.
Прэм'ер-міністр Армэніі Тыгран Саркісян ужо прыбыў у Менск. Чакаецца, што празь некалькі гадзін адбудзецца яго сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам.
На пасяджэньні кіраўнікоў урадаў СНД будзе разгледжаны праект дагавора аб зоне свабоднага гандлю.
Прэм'ер-міністры абмяркуюць зьмест міждзяржаўнай праграмы інавацыйнага супрацоўніцтва да 2020 года. Ініцыятарам распрацоўкі гэтай праграмы выступіла Беларусь.
Адным з ключавых пунктаў парадку дня Савета кіраўнікоў урадаў СНД зьяўляецца прыняцьцё рамачнай праграмы па супрацоўніцтве ў галіне мірнага выкарыстаньня атамнай энэргіі.
Акрамя таго, у межах Міждзяржаўнага савета ЭўрАзЭС кіраўнікі ўрадаў абмяркуюць працу Мытнага саюза й фарміраваньне Адзінай эканамічнай прасторы.
Заплянавана падпісаньне трох міжнародных дагавораў у сфэры супрацоўніцтва мытных органаў і органаў сэртыфікацыі.
БелаПАН/аз