Псыхічны крызыс трыццацігодкаў

Сямейныя праблемы й стомленасьць працай закранаюць усё больш маладыя асобы. Яшчэ зусім нядаўна меркавалася, што гэта схільнасьць людзей ва ўзросьце 40-50 гадоў.

Апошнія дасьледаваньні навукоўцаў сьведчаць пра тое, што павялічваецца група людзей, для якіх найгоршым пэрыядам у жыцьці зьяўляецца час між 35 ды 44 гадамі.

Дасьледаваньні навукоўцаў з Ланкастэрскага ўнівэрсытэту ў Вялікабрытаніі сьведчаць пра тое, што 21% жанчынаў і мужчынаў у згаданым узросьце балюча адчуваюць адзіноцтва, а падобны адсотак пакутуе ў выніку праблем домa і ў працы. Гэтыя праблемы зьяўляюцца прычынай іхнай дэпрэсіі. Сытуацыю пагаршае таксама эканамічны крызыс, які закранае матэрыяльны бок многіх людзей і прычыняецца да нестабільнасьці на рынку працы.

Паводле псыхолягаў, паніжэньне ўзросту асобаў, якіх закранае дэпрэсія, можа вынікаць з росту спадзяваньняў трыццацігодкаў у дачыненьні да ўласнай прафэсійнай кар’еры й сям’і.


„Неэтычнае” біяпаліва ў Эўропе

Брытанскія навукоўцы крытыкуюць праграму пашырэньня выкарыстаньня біяпаліва ў Эўразьвязе. Яны лічаць, што праграма ўтрымлівае неэтычныя фрагмэнты.

Біяпалівы павінны былі стаць своеасаблівым лякарствам на глябальнае пацяпленьне клімату. Расьліны, вырашчваныя для патрэбаў біяпрамысловасьці, паглынаюць вуглекіслы газ, яны не настолькі шкодныя для навакольнага асяродзьдзя, як вуглевадародная сыравіна.

Паводле брытанскай рады біяэтыкі, ёсьць шмат іншых сур’ёзных праблемаў. Напрыклад, гэта хуткая вырубка лясоў Малайзіі, што адбываецца з мэтай стварэньня тэрыторыю пад вырошчаньня біярасьлінаў.

Брытанскія экспэрты дадаюць, што вытворчасьць біяпаліваў, напрыклад, з кукурузы, гэта адзін з фактараў росту цэнаў на прадукты харчаваньня. Паводле чальцоў рады, неабходна прыпыніць актуальныя праграмы па вытворчацьі біяпаліва ды вызначыць новыя, больш этычныя.

Пры гэтым навукоўцы падкрэсьліваюць, што біяпаліўную прамысловасьцць трэба разьвіваць, але пры выкарыстаньні сучасных тэхналёгіяў, каб вырашчаныя на біяпаліва расьліны не ставаралі канкурэнцыі харчовым культурам ды не прычыняліся да зьнішчэньня навакольнага асяродзьдзя.

Апошняя місія парому Endeavour

У сваю апошную місію паляцеў касьмічны карабель Endeavour. Старт з касьмічнай базы імя Кэнэдзі прайшоў без перашкодаў.

Апошні палёт карабля двойчы адтэрміноўваўся па прычыне дрэннага надвор’я і ў сувязі з тэхнічнымі праблемамі. Цяпер Endeavour знаходзіцца ўжо ў дарозе на міжнародную касьмічную станцыю. Каманда з шасьці чалавек забрала з сабой запчасткі, неабходныя для далейшай працы станцыі й яе рамонту. На борце знаходзіцца таксама тэхніка цаной у 2 мільярды даляраў па дасьледаваньню касьмічнага выпаменьваньня. Навукоўцы спадзяюцца, што вынікі экспэрымэнтаў дадаць адказы на пытаньні пра ўзьнікненьне сусьвету. 

Палёт карабля будзе працягвацца 16 дзён. Падчас місіі касманаўты павінны ажно шэсьць разоў выходзіць у адкрытую касьмічную прастору.

Місія STS-134, гэта апошні 25-ы палёт парому Endeavour. Пасьля вяртаньня парому на зямлю карабель будзе перададзены ў музэй.

Гістарычны палёт, які афіцыйна закончыць праграму амэрыканскіх касьмічных паромаў, заплянаваны на канец чэрвеня.

Endeavour, гэта наймаладзейшы амэрыкснскі касмічны карабель. Ягоны першы палёт прайшоў 7 траўня 1992 году.

Дзякуючы яму ўдалося ліквідаваць аварыю тэлескопа Габл. Endeavour таксама даставіў у космас першы элемэнт Міжнароднай касьмічнай станцыі.

Endeavour – гэта назва марскога карабля, якім у XVIII стагодзьдзі зьдзяйсьняў падарожжы брытанскі астраном і адкрывальнік Джэймс Кук.


Ці малярыю ўдасца перамагчы пры дапамозе яе ўласнай „зброі”?

Навукоўцы спадзяюцца стварыць новую пасьпяховую прылады для барацьбы з малярыяй.

Паводле іх, такой панацэяй маглі б быць генэтычна мадыфікаваныя камары. Нагадаем, гэта менавіта камары зьяўляюцца носьбітамі паразітаў, якія выклікаюць малярыю. Тым часам навукоўцы ўжо нейкі час таму выгадавалі камароў, якія не заражаюць малярыяй.

Вялікай задачай для навукі зьяўляецца распаўсюд згаданых генаў у шырокім маштабе й на чарговыя пакаленьні насякомых.

Ужо цяпер, як паведамляе часопіс „Nature”, удалося ўвесьці ў пакаленьне камароў адмысловы ген, які распаўсюджваецца даволі хутка – цягам 12 пакаленьняў на палове дасьледаваных насякомых. Калі здаданы мэтад акажацца дастаткова пасьпяховым таксама па-за лябараторыяй, то, магчыма, малярыю ўдасца перамагчы, скажам так, пры дапамозе яе ж уласнай зброі.

Паводле Сусьветнай арганізацыі здароўя, кожны год у выніку малярыі памірае каля 1 мільёна людзей, галоўным чынам дзяцей ва ўзросьце да 5 гадоў.


Падрыхтавала Анна Задрожна

Здымкі: pl.wikipedia.org