• Краявідныя й гістарычныя скарбы Беларусі
  • 21.05.2011

Глыбокай старажытнасьцю дыхае тут амаль кожная вуліца. Слонім адносіцца да той невялікай колькасьці гарадоў, якія здолелі захаваць большую частку помнікаў сваёй гісторыі.

Першыя згадкі аб Слоніме ў Іпацьеўскім летапісе датуюцца 1252 г. У той час пасяленьне лічылася значным ваенна-адміністрацыйным і рамесьніцка-гандлёвым цэнтрам.

Замак Слоніма быў добра ўмацаваны й меў моцны гарнізон, які па баявых якасьцях не саступаў заходняму рыцарству. Нездарма пад яго абарону аддаліся ў 1276 г. прусы, якія ўцякалі ад крыжакаў.

Невыпадкова Слонімская харугва прымала ўдзел у адной з найбуйнейшых бітваў сярэднявечча – Грунвальдзкай бітве, калі аб'яднаныя войскі Польшчы й Вялікага княства Літоўскага ўшчэнт разьбілі крыжакоў.

Калі ў канцы XV ст. на Беларусі зьявіліся шматлікія каталіцкія ордэны, у Слоніме пачалося вялікае будаўніцтва. Вакол замка (на левым беразе ракі Шчары) разьмясьціліся касцёлы, цэрквы, мячэты, сынагогі. Усе гэтыя манумэнтальныя збудаваньні адыгралі вельмі істотную архітэктурную ролю. Яны сталі кампазыцыйнымі цэнтрамі, вакол якіх вялася забудова жылых кварталаў.

Але найбольшага росквіту Слонім дасягнуў у другой палове XVIII ст., калі яго старастам стаў вялікі гетман літоўскі Міхал Казімір Агінскі. На месцы драўлянага палаца былога старасты горада Сапегі, ён збудаваў велічны мураваны палацавы комплекс. У яго ўвайшлі манеж, аранжарэя, дамы для прыдворных і гасцей, гаспадарчыя пабудовы, друкарня. Комплекс адзьдзяляўся ад гарадзкіх збудаванняў сажалкай і садам. Быў пабудаваны й тэатар, у якім працавалі прафэсійныя італьянскія й польскія акторы.

Шырокай вядомасьцю карысталася й слонімская капэла – адзін з самых вялікіх прыдворных аркестраў тагачаснай Эўропы як па колькасьці выканаўцаў (53 чалавекі), так і па наяўнасьці музычных інструмэнтаў.

Па ініцыятыве гетмана й на яго сродкі ў 1767-1783 гг. быў пабудаваны канал, які злучыў раку Ясельду са Шчарай і меў даўжыню 47 км. Ен значна ажывіў гандаль Слоніма. У гэтыя гады ў ім дзейнічала шмат прадпрыемстваў, большасць якіх была створана самім Агінскім.

ак