• “Cracow Duo” дасьць канцэрт у Менску
  • 18.05.2011

17 траўня ў Музэі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Менску адкрылася выстава фатаграфіі "За кулісамі польскага тэатра".

У экспазыцыі, арганізаванай пры падтрымцы Польскага інстытута, 23 фотаздымкі рэжысэра тэлебачаньня, асьпіранта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў менчука Андрэя Васілеўскага.

Паводле яго слоў, як часта бывае ў падарожжах, тэма ўзьнікла сама сабой. "Верасьнёўская паездка 2010 года на фэстываль Prapremier у Быдгашч прадугледжвала знаёмства з сучасным польскім тэатрам. Пасьля Бадгашчы былі Варшава й Кракаў - своеасаблівыя тэатральныя Мэкі краіны. І, вядома, пад рукой пастаянна быў фотаапарат, якім здымаў толькі тое, што зачапіла мой погляд. І радасьцю, якую атрымаў у зносінах з тэатрам, захацелася падзяліцца зь іншымі", - сказаў Васілеўскі.

Выстава працуе да 4 чэрвеня.

З канцэртам камэрнай музыкі ў Менск завітае славуты польскі калектыў “Cracow Duo”. 25 траўня яны выступяць у Малой залі імя Рыгоры Шырмы.

Ян Каліноўскі (вілаянчэль) і Марэк Шлезэр (раяль) пачалі разам іграць з 2001 г., а пад назвай “Cracow Duo” − з 2003 г. З самага пачатку сваёй дзейнасьці калектыў займаецца папулярызацыяй польскай, у тым ліку і сучаснай, музычнай культуры ў сябе на радзіме й за яе мяжой.

Музыканты гралі на шматлікіх канцэртных сцэнах Эўропы. Удзельнічалі ў фэстывалі “Musica Nobilis” у Славаччыне, “Les Midi et Demi de l'Atrium” у Францыі, “Oberstdorfer Musikmmomer” у Нямеччыне, Міжнародным фэстывалі памяці Стравінскага ва Ўкраіне. Вельмі важным і цікавым досьведам было турнэ па Блізкім Усходзе ў 2006 годзе.

Запісаны ў 2009 годзе альбом калектыву з творамі А. Тансмана атрымаў узнагароду “Clef de Res Musica”, а альбом камерных твораў Ф. Шапэна (2010 г.) намінаваны да ўзнагароды “Fryderyk 2011”.

18 і 19-га траўня ў Менску адбудзецца прэзэнтацыя кнігі, прысьвечанай грамадзкаму дзеячу, фундатару касьцёла сьвятых Сымона й Алены ў Менску Эдварду Вайніловічу. Чалавеку, які падтрымліваў шмат беларускіх і польскіх ініцыятываў, але быў вымушаны пакінуць Меншчыну, сваю радзіму. Кніга распавядае пра яго грамадзкую дзейнасьць, але перадусім пра прыватнае жыцьцё.

Аўтар Гізэля Хмялеўская запрэзентуе шэраг невядомых дагэтуль на Беларусі фотаздымкаў Вайніловіча. 18-га - прэзэнтацыя пройдзе ў Доме Вайніловічаў на вуліцы Інтэрнацыянальнай, 33А, а 19-га - ў Чырвоным касьцёле.

Папулярызатар моды, культуры й мастацтва Дарота Врублеўская ладзіць ў цэнтры Варшавы грандыёзную акцыю-прэзэнтацыю дызайну Street of Design.

21-22 траўня Кракаўскае прадмесьце ў цэнтры сталіцы стане месцам сустрэчы польскіх масткоў, дызайнэраў, архітэктараў і ўсіх тых, хто жадае пабачыць сучасныя праекты польскага дызайну.

Уздоўж Каралеўскага шляху разьмесьцяцца імправізаваныя галерэі, дзе будзе прэзэнтаваны прамысловы дызайн, польскі й замежны дызайн, творы мастацтва ды нават мэбля.

У рамках імпрэзы адбудзецца сустрэча з Майклам Пэтры, мастаком і дырэктарам The Museum of Contemporary Art у Лёндане. Дзесяць зорак пад кіраўніцтвам Міхала Забароўскага з Кракаўскай галерэі намалююць карціны, якія потым будуць выстаўленыя на дабрачынны аўкцыён на карысьць Фундацыі споўненых мараў. У ролі дызайнэраў выступяць таксама зоркі польскага шоў-бізнэсу: Натальля Кукульская, Міхал Піруг і Олівэр Яняк. Цікавай падзеяй у рамках Street of Design стане выстава мастака Анджэя Фогта. Яе можна будзе пабачыць у галерэі Fibak.

22 траўня а 19.00 адбудзецца фінальны канцэрт у выкананьні Unplugged Orchestra.

Ляўрэатам Міжнароднай Букэраўскай прэміі стаў амэрыканскі раманіст Філіп Рот, аўтар «Выпадку краўца», «Вызваленага Цукэрмана», «Амэрыканскага пастарала й іншых кніг, якія заслужылі некалькі прэмій, уключаючы Пулітцэраўскую.

Урачыстая цырымонія ўзнагароджаньня адбудзецца 28 чэрвеня ў Лёндане. Ляўрэат атрымае 60 тысяч фунтаў стэрлінгаў.

У гэтым годзе ў ліку фіналістаў Міжнароднага Букэра фігуравалі 13 аўтараў з васьмі краін сьвету. У іх ліку  - скандальна вядомы за сваю вольную трактоўку Бібліі брытанскі дзіцячы пісьменьнік Філіп Пулман, ляўрэат Букэраўскай прэміі 1994 года, шатляндзец Джэймс Кэлман, адна з самых вядомых італьянскіх пісьменьніц Дачыя Мараіні, уладальнік Пулітцэраўскай прэміі і прэміі Франца Кафкі, аўтар з КНР Ван Аньі, французскі пісьменінік лібанскага паходжаньня Амін Маалуф, гішпанец Хуан Гайцісола й іншыя.

Міжнародны Букэр уручаецца з 2005 года аўтарам за "творчую актыўнасьць, разьвіцьцё й агульны ўклад у сусьветную мастацкую літаратуру".

дг