• Шарль дэ Голь
  • 18.05.2011

Асоба ўплывае на гісторыю, стварае яе. Але таксама й гісторыя ў значнай ступені фарміруе асобу, яе сьветапогляд і напэўна больш, чым іншыя навукі. Шарль дэ Голь быў тым чалавекам і палітыкам, якога па сутнасці стварыла гісторыя.

Ён нарадзіўся ў 1890 годзе й выхоўвываўся ў вельмі заможнай сям’і, якая мела глыбокія шляхецкія карані. Бацька дэ Голя выкладаў філязофію й літаратуру ў школе езуітаў і выхоўваў сына ў духу патрыятызму. Таму Шарль дэ Голь верыў у тое, што павінен служыць Францыі, што яна мае асаблівую гістарычную місію.

Уінстан Чэрчыль пазьней казаў, што дэ Голь церпіць на сындром Жанны д’Арк. У сваіх мэмуарах дэ Голь пісаў: «Я лічыў, што сэнс жыцьця ў тым, каб зьдзейсьніць у імя Францыі вялікі подзьвіг і што надыдзе дзень, калі мне будзе дана такая магчымасьць”.

 Дэ Голя цікавілі тры рэчы: філязофія, гісторыя й вайсковая справа. Шарль выбраў вайсковую справу, як практычную магчымасьць служыць краіне.

У часе Першай Сусьветай вайны дэ Голь служыў пад камандаваньнем палкоўніка Петэна, які падчас Другой Сусьветнай вайны стаўся сымбалем здрады й калябарацыянізму, але быў выратаваны дэ Голем. На франтах вайны дэ Голь быў тройчы паранены, а ў 1916 годзе трапіў у нямецкі палон, дзе пазнаёміўся з будучым маршалам СССР Тухачэўскім. Лёс іх зьвёў пазьней у іншых абставінах.

У 1919 - 1921 гадах Шарль дэ Голь знаходзіўся ў Польшчы як францускі вайсковы кансультант і выкладаў у вайсковым вучылішчы ў Рэмбэртаве, а ў 1920 годзе нават браў удзел у вайсковых дзеяньнях супраць Чырвонага войска, якім камандваў Тухачэўскі.

Палітычны талент дэ Голя праявіўся ў гады Другой Сусьветнай вайны, калі пасьля капітуляцыі Францыі дэ Голь эвакуяваўся ў Англію і ўзначаліў арганізацыю “Вольнай Францыі”, якая павінна была змагацца супраць акупантаў. Праца ў эміграцыі, прычым з прэтэнзіяй на лідарства, для дэ Голя была вельмі цяжкай, бо, па сутнасьці, ён быў невядомай асобай. Але пры падтрымцы ангельскага ўраду дэ Голю ўдалося стварыць альтэрнатыўны калябарцыянісцкаму ўраду Вішы палітычны цэнтар, што дапамагло арганізаваць больш эфэктыўны супраціў фашыстам і перад усім у калёніях.

Разам з гэтым, у далейшым дэ Голь намагаўся, каб ЗША й Вялікабрытанія адносіліся да Францыі не як да краіны, якая прайграла вайну, але як да краіны пераможцы. Дзеля гэтага дэ Голь не цураўся адносінамі з СССР, хаця й быў антыкамуністам. Пры падтрымцы Сталіна, а зь ім дэ Голь сустракаўся ў сьнежні 1944 году, Францыя ўвайшла ў склад кааліцыі вялікіх пераможцаў і атрымала свае акупацыйныя зоны ў Нямеччыне.

Пасьля вызваленьня Францыі дэ Голь узначаліў часовы ўрад. Дэ Голь быў прыхільнікам моцнай прэзыдэнцкай улады, але ягоны праект палітычнага ўладкаваньня ў Францыі ня быў падрыманы і ў 1946 годзе дэ Голь зыйшоў у адстаўку, якая працягвалася 12 гадоў. Увесь гэты час ён з жонкай жыў у родным доме ў Коломбэ, пісаў ваеныя мэмуары і раскладваў пасьянсы (што з францускага азначае – цярплівасьць). Зь цярплівасьцю чакаў, пакуль гісторыя дасьць яму наступны шанец.

У 1958 годзе ў разгар унуртыпалітычнага крызысу ў Францыі, пагрозы вайсковага перавароту й абвастрэньні сытуацыі ў Алжыры, дзе Францыя вяла вайну з алжырскімі нацыянальнымі паўстанцамі, дэ Голь быў прызначаны прэм’ер-міністрам і атрымаў надзвычайныя паўнамоцтвы. Ён выступіў да нацыі са словамі, у якіх прагучала: “Сёньня, калі краіну чакаюць новыя выпрабаваньні, няхай яна ведае, што я гатовы прыняць на сябе ўсе паўнамоцтвы Рэспублікі”.

Дэ Голь вельмі хутка распрацаваў новую Канстытуцыю, згодна зь якой паўнамоцтвы прэзыдэнта значна пашыраліся, а парлямэнту звужаліся. Тым самым дэ Голь намагаўся стабілізаваць палітычную сыстэму. Прэзыдэнт прызначаў прэм’ер-мініста, меў права распусьціць парлямэнт, які ў сваю чаргу падзяляўся на дзьве палаты: Нацыянальны сход і Сэнат. Канстытуцыя была прынята ў 1958 годзе і ў гэтым жа годзе дэ Голь быў абраны прэзыдэнтам.

Пасьля выбараў дэ Голь актыўна пачаў вырашаць праблемы, зь якімі сутыкнулася Францыя. Варта сказаць, што калі дэ Голь быў абраны прэзыдэнтам, яму ўжо споўнілася 68 гадоў.
Першым крокам у зьнешняй палітыцы была дэкалянізацыя й стварэньне франкафоннай супольнасьці нацыяў, у якую ўвайшлі краіны перш за ўсё Афрыканскага кантынэнту.

У 1960 годзе распачаліся выпрабаваньні першай атамнай бомбы, якія праводзіліся ў Сахары. Разам з гэтым адносіны ЗША й Францыі сталі напружаннымі. Па-першае, дэ Голь патрабаваў, каб ЗША разьлічваліся з Францыяй не далярамі, а золатам. Па-другое, у 1965 годзе Францыя выйшла з вайсковай дамоўленасьці НАТА й штаб-кватэра НАТА была перанесена з Парыжа ў Брюсэль.

 Хаця дэ Голь быў адным з прыхільнікаў адзінай і моцнай Эўропы, бо менавіта яму прыналежаць словы: “Эўропа ад Атлянтыкі да Ўралу, гэта суцэльная Эўропа, у руках якой ляжыць лёс сьвету”, тым ня менш, ён быў супраць уваходжаньня Брытаніі ў Эўропу й двойчы блякаваў яе спробы далучыца да ЭЭС. Тлумачыў ён гэта тым, што Англія – гэта “Траянскі конь” ЗША.

Жорсткі стыль палітычнага й эканамічнага кіраваньня, (трэба сказаць, што гаспадарка ў Францыі кіравалася дзяржаўнымі плянамі й была нацыяналізавана) прывялі да жорсткага ўнутрыпалітычнага крызысу ў 1968 годзе. Грамадзтва вельмі абурала й тое, што дзяржава мела манаполію на тэлебачаньне й радыё, толькі прэса была больш менш незалежнай. Усё гэта прывяло да масавых пратэстаў.

Пачатак гэтых пратэстаў паклалі студэнты парыскага ўнівэрсітэту ў Нантэры. У сакавіку 1968 году яны выступілі супраць дыктатарскага стылю кіраваньня дэ Голя, бюрактатыі, кантролю над унівэрсытэтамі. Адміністрацыя зачыніла ўнівэрсытэт на пачатку траўня й гэта прывяло да бунтаў студэнтаў Сарбонскага ўнівэрсытэту, пачаліся сутыкненьні з паліцыяй. У пратэстах узялі ўдзел каля 20 тыс. чалавек.

Праз тыдзень пачалася агульная забастоўка рабочых, якія патрабавалі павышэньня заробкаў. У канцы траўня 1968 у дэманстрацыях супраць дэ Голя ўдзельнічала да 500 тыс. чалавек. Асноўным лёзунгам была адстаўка прэзыдэнта.

Пад уплывам падзей 1968 году, праз год Шарль дэ Голь зышоў у адстаўку, датэрмінова.

Праз два гады ў 1970 годзе Шарль дэ Голь памёр ва ўзросьце 80 гадоў.
 
Павал Усаў