• ЗША й ЭЗ ізноў заклікалі Лукашэнку вызваліць палітвязьняў
  • 19.05.2011

Злучаныя Штаты Амэрыкі й Эўрапейскі зьвяз ізноў заклікалі ўлады Беларусі вызваліць палітзьняволеных. Пра гэта было заяўлена 17 траўня ў Вашынгтоне паводле вынікаў перамоў дзяржсакратара ЗША Хілары Клінтан і вярхоўнага прадстаўніка ЭЗ па замежных справах і палітыцы бясьпекі Кэтрын Эштан, паведамляе сайт Дзярждэпартамэнта.

"Мы абедзве, Кэці й я, занепакоены рэпрэсіямі ў Беларусі, і я падтрымліваю заяву, якую яна зрабіла ў гэтыя выхадныя. ЗША лічаць судовыя працэсы па справе 19 сьнежня палітычна матываванымі. І мы заклікаем да неадкладнага і безумоўнага вызваленьня ўсіх палітычных зьняволеных", — заявіла Клінтан.

Як раней паведамляў БелаПАН, 15 траўня Эштан выступіла з заявай, у якой рашуча асудзіла палітычна матываваны прысуд, вынесены 14 траўня экс-кандыдату ў прэзыдэнты Беларусі Андрэю Саньнікаву.

"Цяперашнія падзеі не пакідаюць сумненьняў у значным пагаршэньні сытуацыі з захаваньнем правоў чалавека й дэмакратычных прынцыпаў у Беларусі з таго часу, як на прэзыдэнцкіх выбарах 19 сьнежня 2010 года былі парушаны выбарчыя стандарты." — гаварылася ў заяве Эштан.

Тым часам у Менску працягваюцца судовыя працэсы над фігурантамі крымінальнай справы аб "масавых беспарадках" 19 сьнежня. Найбліжэйшым часам чакаецца вынясеньне прысудаў яшчэ адной групе ўдзельнікаў несанкцыянаванай акцыі, у тым ліку чатыром экс-кандыдатам у прэзыдэнты — Уладзіміру Някляеву, Віталю Рымашэўскаму, Мікалаю Статкевічу й Дзьмітрыю Усу.

БелаПан/дг