• Рада Эўразьвязу прыняла пакет фінансавай дапамогі Партугаліі
  • 19.05.2011

Эўразьвяз пачынае кансультацыі па кандыдатуры на пасаду дырэктара Міжнароднага валютнага фонду пасьля заявы аб адстаўцы кіраўніка фонду Дамініка Строс-Кана, якому прад’яўленыя абвінавачваньні ў злачынствах сэксуальнага характару.

Фінансіста й палітыка Строс-Кана, магчымага кандыдата ў прэзыдэнты Францыі ад апазыцыі, затрымалі ў суботу ў Нью-Ёрку на борце самалёта за дзесяць хвілін да вылету ў Парыж на падставе заявы пакаёўкі гатэлю. Яна зьвярнулася ў паліцыю са скаргай на сэксуальны гвалт з боку высокапастаўленага пастаяльца.

Найбольш верагоднымі кандыдатамі на пасаду кіраўніка Міжнароднага валютнага фонду зьяўляюцца міністар фінансаў Францыі Крысьцін Лягард і былы кіраўнік Цэнтрабанка Нямеччыны Аксэль Вэбэр.

Да канца 2011 года ЭЗ распрацуе адзіны збор правілаў па прадастаўленьню прытулку на ўсёй тэрыторыі садружнасьці.

Дзяржавы ўзгодняць сьпіс умоў для часовага аднаўленьня памежнага кантролю ўнутры ЭЗ. Эўракамісія пасьпяшалася супакоіць турыстаў, што гэтыя зьмены іх ніяк не закрануць, бо яны закліканы стрымаць паток нелегалаў у Эўропу.

Данія прыняла нядаўна рашэньне аднавіць кантроль на сваіх межах, аргумэнтуючы свае дзеяньні бясьпекай грамадзян у сувязі з ростам злачыннасьці.

Але аглядальнікі ў гэтым бачаць больш палітыкі, чым занепакоенасьці барацьбой зь нелегальнай іміграцыяй. Так, урад Даніі, саступіўшы Народнай партыі ў дадзеным пытаньні, спрабуе заручыцца яе падтрымкай у прасоўваньні эканамічных рэформаў. А ў Францыі, якая стала ініцыятарам падзей, у 2012 годзе пройдуць прэзыдэнцкія выбары, і Нікаля Сарказі такім чынам мае намер падняць свой рэйтынг.

Рада Эўразьвязу прыняла пакет фінансавай дапамогі Партугаліі на агульную суму 78 млрд. эўра.

Дзьве траціны сумы (52 млрд. эўра) будуць выдзелены краінамі Эўрапейскага зьвязу, адна трэць (26 млрд. эўра) - Міжнародным валютным фондам. Чакаецца, што першы транш дапамогі будзе накіраваны Партугаліі на пачатку чэрвеня. Максымальны тэрмін аплаты па крэдытах складзе 7,5 гадоў.
Раней аналягічную падтрымку атрымалі Грэцыя й Ірляндыя

Праграма прадугледжвае правядзеньне структурных рэформаў, накіраваных на рост эканомікі і ўмацаваньне банкаўскай сфэры краіны. Акрамя таго, у абмен на прадастаўленьне крэдыту партугальскі ўрад павінен будзе прыняць шэраг мер па скарачэньні бюджэтнага дэфіцыту

14 траўня свой першы міжнародны пералёт са Швайцарыі ў Бэльгію зьдзейсьніў прататып самалёта на сонечнай энэргіі. Пры гэтым на працу ўсіх сыстэм машыны пайшло менш энэргіі, чым было ёю выпрацавана.

Самалёт «Сонечны імпульс» валодае сілавой устаноўкай з чатырох электраматораў, кожны зь якіх мае магутнасьць у 10 конскіх сілаў, што параўнальна з магутнасьцю матора матацыкла. Таму сярэдняя хуткасьць самалёта была невялікай і склала прыкладна 50 кілямэтраў у гадзіну.

Зьнешне машына падобная на самалёты пачатку ХХ стагодзьдзя, толькі трошкі большая. На ўсёй паверхні крыла й хваставым стабілізатары разьмешчаны 12 000 фотаэлемэнтаў, якія выпрацоўваюць энэргію. Кошт праекта склаў 80 мільёнаў эўра.

Пакуль што аўтары праекта не зьбіраюцца рабіць яго камэрцыйным. У першую чаргу палёт паслужыў доказам альтэрнатывы традыцыйным відам энэргіі. На лета 2014 года заплянавана кругасьветнае падарожжа на гэтым манапляне.

Сёньня Эўракамісія адкрыла публічныя кансультацыі на тэму скарачэньня выкарыстаньня поліэтыленавых пакетаў.

Сярод прапанаваных мер - увядзеньне новых падаткаў альбо поўная агульнаэўрапейская забарона на поліэтыленавыя пакеты.

Эўракамісар па пытаньнях аховы навакольнага асяродзьдзя Янэш Паточнік заявіў, што "50 гадоў таму аднаразовае выкарыстаньне цэлафанавых пакетаў было амаль нябачнай справай, зараз жа мы выкарыстоўваем іх усяго некалькі хвілін і забруджваем прыроду на дзясяткі гадоў”.

Эўракамісія будзе зьбіраць прапановы да жніўня 2011 года, пасьля чаго падрыхтуе адпаведную праграму. Паводле ацэнак Эўракамісіі, штогод сярэдні эўрапеяц выкарыстоўвае каля 500 цэлафанавых пакетаў.

дг