У 20 (67) нумары часопіса „Навіны зь Беларусі” за 31.10.1965 году была зьмешчаная публікацыя пад назовам Дзяржаўная мова Вялікага Княства Літоўскага ( Нью-Ёрк, с. 6-7). Паведамлялася ў ёй пра выданьне „Народнай асьветай” цікавай і карыснай кнігі пад назовам Наша родная мова. Зьмястоўную рэцэнзію годам пазьней апублікаваў на яе ў 2 нумары часопіса „Полымя” Вячаслаў Чамярыцкі. Малады вучоны слушна зьвярнуў увагу на некаторыя недакладнасьці ў кнізе Крывіцкага й на непасьлядоўнасьць аўтара ў некаторых сваіх разважаньнях – адзначалася на старонках „Навінаў зь Беларусі”.
„Чамярыцкі выступіў супраць афіцыйнай псэўданавуковай канцэпцыі аб маналітным адзінсьцьве ўсходніх славянаў у эпоху Кіеўскай Русі, якой прытрымліваецца ў сваёй працы Крывіцкі, і супраць наіўнага цьверджаньня, што ўтварэньне трох усходнеславянскіх народаў ды іхных моваў – беларускай, расейскай і ўкраінскай – нібыта было „выпадковай гістарычнай памылкай”. Асабліва-ж скрытыкаваў рэцэнзэнт пагляды Крывіцкага што да гістарычнага працэсу разьвіцьця беларускай мовы й тэндэнцыю аўтара называць беларускую мову эпохі Вялікага Княства Літоўскага „старажытнарускай” або „заходнярускай” мовай.”(Тамсама, с. 6)
Чамярыцкі дакараў Крывіцкага, што не адрозьніваў ён агульнаўсходнеславянскай пісьмовай мовы часоў Кіеўскай Русі ад спэцыфічна адметнай пісьмовай мовы пэрыяду ВКЛ. (Тамсама). Аўтар „Навінаў зь Беларусі” зьдзіўляецца аднаўленьнем Крывіцкім застарэлай і варожай беларускаму народу тэрміналёгіі, тым больш, што ў сваіх ранейшых працах выкарыстоўваў ён правільную тэрміналёгію.
Паведамляў ён, што супраць тэрміну „заходняруская мова” ў дачыненьні да старой беларускай пісьмовай мовы першым зь беларускіх вучоных выступіў Яўхім Карскі на ІX Археалягічным зьезьдзе ў Вільні ў 1893 годзе. Расказаўшы пра тое, як звычайна звалася беларуская мова ў старых пісьмовых помніках, азнаёміўшы з асаблівасьцямі старабеларускай мовы й сучаснай беларускай ды разгледзеўшы розныя погляды на яе сярод вучоных, акадэмік Карскі адзначыў, што „старая заходняруская гаворка, будучы гутарковай у вуснах адукаванага грамадзтва, заўсёды базавалася на мове простага народу мясцовага беларускага племя. З прычыны зазначанай акалічнасьці, дзеля перавагі ў ёй элемэнтаў беларускай мовы, і называць яе трэба мовай беларускай, дадаючы хіба для адрозьненьня ад сучаснай беларускай мовы назву старой.”(Тамсама, с. 6-7).
З расейскіх вучоных гэтае самае думкі былі Буслаеў, Аганоўскі, Сабалеўскі, Нядзешаў, Уладзіміраў і шмат іншых, якія таксама бачылі недарэчнасьць у тэрміне „заходняруская мова”, замацаваным расейскай гістарыяграфіяй XІX ст. Пасьля гэтай навукова абгрунтаванай заявы Карскага, у літаратуры ўсё часьцей на азначэньне мовы пэрыяду ВКЛ пачаў выкарыстоўвацца правільны тэрмін „старая беларуская мова”, які быў канчаткова замацаваны беларускай гістарыяграфіяй 20-х гадоў.
У савецкай гістарычнай літаратуры таксама ўжываўся правільны тэрмін „старабеларуская мова”, аднак часьцей „старажытнабеларуская мова”. Тэрмін „старажытная беларуская мова” выступае, напрыклад, у кнігах Нарысы па гісторыі беларускай літаратуры з 1965 году і годам пазьнейшай Нарысы па гісторыі беларускай мовы, у кнізе В. Вольскага Нарысы па гісторыі беларускай літаратуры эпоху феадалізму, выдадзенай у 1958 годзе. Нават аўтары Гісторыі БССР з 1955 году прызналі мову гэтага пэрыяду беларускай. (Тамсама, с. 7)
Дадаў ён, што ў раньніх помніках агульнацаркоўнай літаратуры, напісаных на тэрыторыі Беларусі, спачатку зрэдку, а пасьля штораз часьцей месца царкоўнаславянскай мовы заступала мясцовая беларуская мова. З пэрыяду XV-XVІІІ стагодзьдзяў ёсьць вялікая колькасць рукапісных і друкаваных перакладаў Сьвятога Пісьма ня толькі зь некаторымі рысамі жывой беларускай мовы, а часам і на чыстай беларускай мове таго часу. Пісьмовая ж дзяржаўная мова пэрыяду ВКЛ абапіралася на жывую беларускую мову таго часу й была зусім рознай ад царкоўнаславянскай і расейскай моваў. (Тамсама)
Ніна Баршчэўская