• Зьнешняя палітыка Расеі: паміж памкненьнямі й магчамасьцямі (ФОТА)
  • Audio6.09 MB
  • 19.05.2011

У якім кірунку ідзе Расея: хоча вярнуць статус звышдзяржавы, стаць рэгіянальным гегемонам ці інтэгравацца з Захадам? На гэтае нялёгкае пытаньне спрабавалі адказаць удзельнікі дыскусіі “Расейская палітыка бясьпекі ў стасунку да Эўропы: паміж памкненьнямі ды магчымасьцямі”, якая прайшла ў Варшаве.

За дысукусійным сталом сабраліся вядомыя спээцыялісты ў галіне міжнародных адносінаў: былы прадстаўнік Польшчы ў NATO амбасадар Ежы Новак, дарадца міністра замежных справаў польшчы генэрал Стэфан Чмур, а таксама маладыя польскія экспэрты Дамінік Янкоўскі й Зьбігнеў Пісарскі.

Якія інтарэсы мае Расея ва ўсходняй Эўропе? І якія мэты будзе перасьледаваць?  Адказ на гэтыя пытаньні залежыць ад таго, якія сілы пераважаюць у Крамлі. Расейскае кіраўніцтва не зьяўляецца маналітным– кажа амбасадар Ежы Новак.

Е. Новак: Тыя, хто думаюць старымі імпэрскімі катэгорыямі, лічаць, што былыя савецкія рэспублікі й краіны Цэнтральнай Эўропы павінны знаходзіцца ў сфэры ўплываў Расеі, стаць нэйтральнымі й служыць “санітарным кардонам”, што заслоніць Расею ад “агрэсыўнага блёку NATO”.  Тыя жа людзі ў расейскіх элітах, якія мараць пра інтэграцыю з Эўропай, пра мадэрнізацыю краіны й шукаюць сродкі для яе на Захадзе, хацелі б бачыць ва Ўсходняй Эўропе стабільныя дзяржавы, якія будуць удзельнічаць у мадэрнізацыі Расеі, будуць прыязныя да яе, але адначасова не павінныя быць залежнымі ад Крамля. У гэтым галоўная розьніца паміж гэтымі дзьвюмя групамі. 

Якой будзе стратэгія Расеі, стане ясна пасьля думскіх і прэзыдэнцкіх выбараў – лічыць Ежы Новак.

Ці мае Расея пэрспэктывы вярнуцца да статусу звышдзяржавы ці краіны, якая дамінуе ў рэгіёне? На гэтае пытаньне спрабаваў адказаць генэрал Стэфан Чмур. Вайна ў Грузіі паказала састарэласьць расейскай арміі. Пасьля яе прэзыдэнт Мядзьведзеў распачаў маштабную мадэрнізацыю войска – распавядае генэрал.

С. Чмур: Вайна Расеі з Грузіяй была вайной армій другой лігі ды трэцяй лігі. У Грузіі, як вядома, быў зьбіты вялікі стратэгічны бамбардыроўшчык Ту-22. Што ён увогуле там рабіў? Аказваецца, расейцы ня мелі якасных сыстэмаў выведкі – у іх не было беспілётных самалётаў, спадарожнікі таксама не давалі якаснай карцінкі. Таму велізарны бамбардыроўшчык паслалі туды, каб ён вёў паветраную выведку. І яго зьбілі. Выкарыстаньне бронетанкавай тэхнікі й нават ахова калёнаў на маршы не былі якаснымі. Няўдалай аказаліся й іншыя спробы гуляць мускуламі – расейскі авіяносец, які павінен быў прыбыць з Мурманска ў Міжземнае мора й вярнуцца, дайшоў толькі да Міжземнага мора, а там сапсаваўся. Расейцы зразумелі, што ад Захаду іх дзеліць вялікая дыстанцыя, і цьвёрда вырашылі гэтую дыстанцыю пераадолець.

На працягу 10 бліжэйшых гадоў Расея намераная выдаць на армію каля 780 мільярдаў даляраў. Калі праграма мадэрнізацыі расейскай арміі будзе пасьпяховай, то Расея мае шанцы вярнуцца да першай лігі – рэзюмаваў генэрал Стэфан Чмур.

У апошнія два гады назіраецца чарговае пацяпленьне стасункаў паміж Расеяй і Паўночнаатлянтычным альянсам. Ці значыць гэта, што Масква стала больш адказным і шчырым партнэрам Захаду на міжнароднай арэне? Супрацоўніцтва Расеі й NATO будзе пашырацца, але пра рост даверу Расеі да Захаду казаць пакуль рана – кажа палітоляг Зьбігнеў Пісарскі.

З. Пісарскі: Ці зьяўляецца вайна ў Грузіі праявай надзейнасьці й спробай ўмацаваць давер? На мой погляд - не. Ці зьяўляецца адказнай пазыцыя Расеі ў стасунку да падзеяў у Лібіі і ў Паўночнай Афрыцы? Так. Мне падаецца, што Расея будзе старацца пашыраць супрацоўніцтва з Эўропай. І гэтае супрацоўніцтва ня будзе толькі на нашых умовах. Расея хоча нароўні з NATO фармаваць сыстэму бясьпекі ў Эўропе, а краіны NATO будуць ісьці на кампраміс. Пытаньне толькі ў тым, ці дасягнем мы, ідучы на такі кампраміс, адкрытасьці з боку Расеі? Да сёньяшняга дня мы ня ведаем, колькі ракетаў знаходзіцца ў Калінінградзе. А яны пра нашыя ракеты ўсё ведаюць.

У апошнія месяцы назіраецца беспрэцэдэнтны эканамічны ціск Расеі на беларускае кіраўніцтва, Крэмль фактычна паставіў Аляксандра Лукашэнку на калені. Якія мэты перасьледуе Масква? Яшчэ больш падпарадкаваць Беларусь ці дасягнуць сваіх эканамічных інтарэсаў і пакінуць яе незалежнай дзяржавай? – запыталіся мы ў дыплямата Ежы Новака.

Е. Новак: Калі ўладу ў Крамлі возьме група людзей зь імпэрскім мысьленьнем, то яны будуць імкнуца да інтэграцыі Беларусі з Расеяй і фактычнай ліквідацыі беларускай дзяржаўнасьці. Лібэральная група таксама хоча моцнай сувязі Беларусі з Расеяй. Яны будуць задаволеныя, калі пашыраць свае ўплывы, бо лічаць Беларусь вельмі блізкай краінай у культурным і эканамічным пляне.  Пры гэтым яны ня маюць амбіцыяў падпарадкаваць сабе Менск. Ёсьць вялікая колькасьць адценьняў і нюансаў, якія дазволілі б патрыятычна настаўленаму кіраўніцтву Беларусі  манэўраваць і ўзмацняць беларускую дзяржаўнасьць.

Мір і свабоду ў Эўропе можа запэўніць толькі шчырае супрацоўніцтва паміж Расеяй і Паўночнаатлянтычным альянсам – адзінадушна кажуць экспэрты. Аднак каб распачаць сапраўднае партнэрства, Расея павінна перастаць бачыць у Захадзе ворага. У расейскай ваеннай дактрыне ў якасьці галоўнай пагрозы да сёньняшняга дня значыцца NATO. Больш за тое, Расея надала сабе права нанесьці прэвэнтыўны ядзерны ўдар нават тады, калі сьмяротнай небясьпекі для яе няма. “Як мы можам спакойна жыць ў такой сытуацыі?” – задае рытарычнае пытаньне дыплямат Ежы Новак. 

Аляксандар Папко

 

 


Удзельнікі дыскусіі "Расейская палітыка бясьпекі ў стасунку да Эўропы: паміж памкненьнямі і магчымасьцямі"

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Былы прадстаўнік Польшчы ў NATO Ежы Новак

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Дарадца міністра замежных справаў Польшчы генэрал Стэфан Чмур

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Спэцыяліст у галіне міжнародных стасункаў Дамінік Янкоўскі

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Палітоляг Зьбігнеў Пісарскі