У Віцебскай дыяцэзіі будзе новы катэдральны касьцёл

Сёлета 18 чэрвеня па рашэньню папы рымскага Бэнэдыкта XVІ у Віцебску адбудзецца ўрачыстае абвяшчэньне новага катэдральнага касьцёла.

Званьне катэдры атрымае новазбудаваная сьвятыня Ісуса Міласэрнага.

Нагадаем, Віцебская дыяцэзія была створана Янам Паўлам ІІ 13 кастрычніка 1999 г. На той час у Віцебску была толькі адна парафія й адзін храм, таму катэдрай быў абвешчаны касьцёл сьвятой Барбары.

Catholic.by/аз

Майстар-кляс пра рэлігійныя СМІ для журналістаў

19 траўня ў Душпастырскім цэнтры пры Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі прайшоў майстар-кляс для журналістаў.

Сустрэча, якую правёў прэс-сакратар епіскапату, дырэктар інтэрнэт-партала Catholic.by  кс. Юрый Жэгарын, называлася „Крыніцы пошуку інфармацыі адносна дзейнасьці каталіцкага касьцёла ў Беларусі” й была арганізаваная Інстытутам журналістыкі БДУ.


аз

Памінальнае набажэнства па ахвярах тэракту ў мэтро

20 траўня ў Менску прайшлі афіцыйныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да 40 дзён памяці ахвяраў выбуху на станцыі мэтро "Кастрычніцкая".

У межах мерапрыемства ў катэдральным саборы Сьвятога духу адбылося памінальнае набажэнства. Раней прадстаўнікі гарадзкіх уладаў ускладуць кветкі на месцы трагедыі.
Нагадаем, тэракт на станцыі мэтро "Кастрычніцкая" ў Менску адбыўся 11 красавіка. 11 чалавек загінулі на месцы, 3 памерлі ў шпіталях, 215 чалавек былі шпіталізаваныя.

На дадзены момант у лякарнях знаходзяцца 28 чалавек. Сем пацыентаў у стане сярэдняй ступені цяжкасьці, 21 – у лёгкай ступені цяжкасьці.

БелТА/аз 

„Дам ім імя на вякі”: незвычайная прэзэнтацыя ў Музэі ў Трэблінцы

У Музэі барацьбы й пакутніцтва ў былым гітлераўскім канцлягеры ў Трэблінцы адбылася прэзэнтацыя кнігі „Дам ім імя на вякі”.

У кніжцы апісаны лёсы палякаў, жыхароў вёскі Трэблінка й навакольля, якія ратавалі габрэяў падчас ІІ Сусьветнай вайны. Публікацыя, гэта адказ на кніжку аўтарства Тамаша Гроса „Залатое жніво” ( „Złote żniwa”), у якой аўтар абвінавачваў польскіх сялянаў пэрыяду ваенных часоў у неаднзаначным стаўленьні да габрэйскага насельніцтва, у прыватнасьці, у перасьледаваньня ці даносах на габрэйскіх уцекачоў з канцлягераў.

Як кажа адзін з аўтараў Эдвард Капуўка, кніжка прадстаўляе пацьвердзаныя доказамі факты, якія пярэчаць тэзісам скандальнай кніжкі Тамаша Гроса.

Эдварт Капувка: Мы не дасьледуем адмоўнага захаваньня палякаў, а засяроджваемся выключна на станоўчых прыклaдах. Зразумела, мы ведаем пра тое, што былі таксама подлыя выпадкі, але мы аднак стараемся паказаць станоўчыя бакі. Для нас важным зьяўляецца тое, каб памяць пра палякаў, якія былі забітыя за дапамогу габрэям, была ў грамадзтве жывая, паколькі мы ўспамінаем пра іх толькі пры нагподзе розных, часта жорсткіх дыскусіяў. І таму такі загаловак - „Дам ім імя на вякі”.

- расказаў Эдвард Капуўка.

Аўтары нагадваюць, што нямецкаму тэрору падвяргаліся ўсе палякі: тыя грамадзяне, якія цягам многіх месяцаў хавалі ў сябе габрэяў, так і тыя, якія толькі раз прадалі габрэям буханку хлеба.

Кніжка Эдварда Капуўкі й ксяндза Паўла Рытэля-Андрыяніка „Дам ім імя на вякі” напісана на падставе вядомых раней польскіх дакумэнтаў, а таксама паводле ізраэльскіх крыніц ды сабраных успамінаў.

Дарэчы, распаўсюджваньне кнігі адбудзецца крыху нетыпова: на пачатку з сайта Музэю ў Трэблінцы можна будзе спампаваць файл са зьместам публікацыі. А папяровая вэрсія паявіцца пазьней.

аз