• Эўразьвяз ня вырашыўся ўвесьці санкцыі супраць прадпрыемстваў
  • Audio4.54 MB
  • 23.05.2011

Чарговым 13 беларускім чыноўнікам будзе забаронены ўезд у краіны Эўрапейскага Зьвязу. Такое рашэнье было прынятае ў панядзелак на паседжаньні міністраў замежных справаў краінаў Супольнасьці. Нягледзячы на грозныя заявы вядучых эўрапейскіх палітыкаў, Эўразьвяз ня вырашыўся ўвесьці эканамічныя санкцыі. Чаму Эўропа ня выканала сваіх пагрозаў?  - запыталіся мы ў беларускіх ды польскіх палітолягаў.

У апошнія дні пра “кропкавыя санкцыі”, супраць прадпрыемстваў, якія фінансуюць беларускія ўлады, заяўлялі кіраўнік эўрапейскай дыпляматычнвай службы Кэтрын Эштан, міністры замежных справаў Польшчы, Нямеччыны, Швэцыі. “Адступленьне” Эўразьвязу для многіх стала нечаканасьцю. Чым можна патлумачыць адмову ўвядзеньня санкцыяў супраць такіх кампаніяў, як “Трайпл” ці “Белнафтахім”?

Эўразьвяз вырашыў адкласьці санкцыі “на потым” і даць Аляксандру Лукашэнку шанец адумацца – лічыць палітоляг Алесь Лагвінец.

А. Лагвінец: Магчыма, частка краінаў вырашыла крыху пачакаць – да вынясеньня наступных прысудаў. Нават ўнутры Беларусі чуваць заявы пра тое, што калі рэжым зьменіць свае паводзіны, зь ім можна зноў пачынаць дыялёг.

Эўропя ня ведае, як будзе разьвівацца сытуацыя ў Беларусі, таму вырашыла не рабіць рэзкіх рухаў – лічыць польскі палітоляг Войцех Бародзіч-Смаліньскі.

В. Бародзіч-Смаліньскі: Міністры замежных справаў краінаў Эўразьвязу ня ведаюць, што будзе зь Беларусью, і таму ня хочуць зачыняць шляхоў да дыялёгу.  Эканамічная сытуацыя ў Беларусі непрадказальная. Невядома таксама, чаго чакаць ад Расеі пасьля нядаўняга візыту Ўладзімера Пуціна ў Менск. Ясна, што Расея рэалізуе доўгатэрміновую стратэгію у стасунку да Беларусі. Яе мэта – яшчэ большае эканамічнае ўзалежненьне Менску ад Крамля. У бліжэйшы час можа зьявіцца супольная валюта. Невядома таксама, ці не былі адносна лагодныя прысуды для Уладзімера Някляева й яго паплечнікаў сыгналамі ў бок Эўропы. Менавіта таму Эўразьвяз вырашыў ня ўводзіць эканамічных санкцыяў, а толькі пашырыць сьпіс неўязных асобаў.

Паколькі ўсе зьнешнепалітычныя рашэньні ў Эўразьвязе прымаюцца адзінагалосна, то супраціў хаця б  адной краіны не дазваляе ўвесьці санкцыі. Пайсьці на рашучыя меры Эўразьвязу не дазволілі рознагалосьсі – лічыць палітоляг Валер Карбалевіч.

В. Карбалевіч: Летува раней афіцыйна заяўляла, што выступае супраць санкцыяў. Пра гэта казала прэзыдэнт Даля Грыбаўскайце. Летува мае вялікія эканамічныя выгады ад супрацоўніцтва зь Беларусьсю. Зразумела, што Вільня найбольш пацерпіць ад санкцыяў.

Але нават адсутнасьць санкцыяў з боку Эўразьвязу не дапаможа кіраўніцтву Беларусі – лічыць Валер Карбалевіч.

В. Карбалевіч: Аляксандру Лукашэнку ня вельмі ўдаецца выкруціцца са складанай эканамічнай сытуацыі. Загасіць крызыс расейскімі крэдытамі не ўдалося. Таму нават без усялякіх санкцыяў з боку Эўразьвязу беларускія ўлады выходзяць на міннае поле. Зразумела, з эканамічнымі санкцыямі з боку Эўразьвязу было б яшчэ горш, але й так ня соладка - ані ўладам, ані беларускаму народу.

Ці ня ўдарыць такі слабы адказ на палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі па іміджу Эўразьвязу, асабліва калі ўлічыць гучныя пагрозы, якія напярэдадні высылала эўрапейскае кіраўніцтва ў бок Менску? Палітычнага іміджу Эўропы гэта не пагоршыць, бо й так вядома, што Эўразьвяз не зьяўляецца рашучым гульцом на міжнароднай арэне – тлумачыць валер Карбалевіч.

В. Карбалевіч: Пра тое, што Эўразьвяз зьяўляецца эканамічным гігантам і зьнешнепалітычным карлікам, пісалі даўно. Сытуацыя не зьмянілася. Гэта вядомая праблема Эўразьвязу: цяжка ўзгадніць інтарэсы ўсіх яго краінаў і прыняць супольнае рашэньне. Я ня думаю, што нерашучасьць у беларускім пытаньні пагоршыць імідж ЭЗ. Прыняць любое радыкальнае рашэньне Эўразьвязу сапраўды цяжка.

А ці маглі б некаторыя эўрапейскія краіны, такія як Нямеччына, Польшча ці Швэцыя, увесьці санкцыі ў аднабаковым парадку? “Такія санкцыі не былі б эфэктыўнымі,” – тлумачыць палітоляг Войцех Бародзіч-Смаліньскі.

В. Бародзіч-Смаліньскі: Кожная краіна паасобку, канешне, магла б увесьці эканамічныя санкцыі, але тады ў іншых дзяржаваў, якія санкцыяў не ўвялі, зьявіцца спакуса скіраваць да сябе гэты струмень беларускіх грошай. Унутры супольнага рынку Эўразьвязу гарантаваная свабода руху капіталу, тавараў і паслугаў.  Менавіта таму санкцыі будуць эфэктыўнымі толькі тады, калі іх увядзе Эўракамісія на ўсёй тэрыторыі Эўрапейскага зьвязу. 

Санкцыі самі па сабе не вырашаюць нічога - тлумачыць палітоляг Алесь Лагвінец. Галоўнае, каб самі беларусы патрабавалі ад уладаў зьмяніць сваю палітыку – рэзюмуе экспэрт.


Аляксандар Папко