Прысуд экс-кандыдатам у прэзыдэнты Беларусі Мікалаю Статкевічу й Дзьмітрыю Вусу будзе абвешчаны 26 траўня ў Ленінскім райсудзе Менска. Пра гэта беларускім інтэрнэт-выданьням паведаміла жонка Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч.
Першпачаткова абвяшчэньне прысуду было заплянавана на 20 траўня. Аднак з-за хваробы судзьдзі яно было перанесенае.
Статкевіч і Вус абвінавачваюцца ў арганізацыі масавых беспарадкаў 19 сьнежня 2010 г. у Менску. Дзяржабвінаваўца прасіў суд прызначыць Статкевічу пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі тэрмінам на 8 гадоў, а Вусу – на 7 гадоў, з адбываньнем пакараньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
Іншых удзельнікаў так званых масавых беспарадкаў: Аляксандра Квяткевіча, Дзьмітрыя Буланава, Андрэя Пазьняка й Арцёма Грыбкова пракурор патрабуе пакараць 4-ма гадамі пазбаўленьня волі з адбываньнем пакараньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Экс-міліцыянта Аляксандра Класкоўскага абвінаваўца просіць суд прысудзіць да 8,5 гадоў пазбаўленьня волі.
дг