• Беларуская мова ў гісторыі Беларусі – часопіс „Навіны зь Беларусі ” – 3
  • 26.05.2011

 На старонках 7 нумару часапісу „Навіны зь Беларусі” з 31.05.1964 г., зьмешчныя цытаты з публікацыі М. Малочкі ў „Беларусе” (Пісьменнік і мова, у: „Беларусь”, № 3, Мінск, сакавік 1964) пра малую колькасьць кніг у Беларусі, якія расказваюць аб складаным працэсе разьвіцьця беларускай літаратурнай мовы, ролі народу й пісьменьнікаў у гэтым працэсе, іх узаемасувязі ды складанай і няспыннай працы над словам. У пасьляваенны час зьявіліся Нарысы беларускай літаратурнай мовы Л. Шакуна. Вядомы таксама даваенны зборнік артыкулаў Пісьменнікі і мова, які стаў бібліяграфічнай рэдкасьцю. Таму выдадзены хрэстаматыйны зборнік Пісьменнік і мова пад рэдакцыяй П.Глебкі выклікаў цікавасьць і спэцыялістаў, і масавага чытача. У прадмове да хрэстаматыі, якую склалі У. Анічэнка й А. Жураўскі, вызначаецца асноўная пэрыядызацыя разьвіцьця беларускай літаратурнай мовы. У кнізе сабраныя найбольш значныя выказваньні беларускіх пісьменьнікаў і крытыкаў аб разьвіцьці літаратурнае мовы – адзначае аўтар публікацыі. -  Хрэстаматыя носіць літаратуразнаўчы навуковы характар. Матэрыял кнігі дае магчымасьць вывучыць нараджэньне й росквіт мовы беларускага народу, убачыць спэцыфіку й стылявую шматграннасьць моўнай культуры. І вельмі дарэчы эпіграф да кнігі – выказваньне Якуба Коласа, што: „Нашы беларускія пісьменьнікі кроўныя дзеці свайго народу, не адзін раз гаварылі ў сваіх творах аб вялікім значаньні роднага слова, аб тым, як трэба любіць і шанаваць яго”. (Выданьне пра мову, у: „Навіны зь Беларусі”, № 7, Нью-Ёрк, 31.05.1964, с. 5) На жаль, у кнігу ня ўключаны назіраньні над моўнай культурай М. Чарота, П. Труса, П. Галавача, У. Дубоўкі ды іншых буйных майстроў слова – заўважаецца ў паведамленьні, зьмешчаным на старонках „Навінаў зь Беларусі”. (Тамсама, с. 5)

 3,5 году пазьней часопіс, са спасылкай на „ЛіМ” („Літаратура і Мастацтва”, Мінск, 26.12.1967), адзначыў выхад І тому двухтомнай Гісторыі беларускай літаратурнай мовы, падрыхтаванай у Інстытуце мовазнаўства АН БССР А. Жураўскім. Кніга ахоплівае гісторыю беларускай літаратурнай мовы ад старажытных часоў да пачатку XІX ст. („Літаратура і Мастацтва”, Мінск, 26.12.1967)

 Паўгоду пазьней, 15.06.1968 г. гэтай працы А. Жураўскага „Навіны зь Беларусі”  прысьвяцілі шырэйшую публікацыю (Гісторыя беларускае літаратурнае мовы, т. І, у: „Навіны зь Беларусі”, № 11 (106), Нью-Ёрк, 15.06.1968, с. 2-3), у якой працытавалі фрагмэнты рэцэнзіі У. Анічэнкі (Крокі гісторыі, у: „Полымя”, № 5, Мінск, 1968, с. 245, 247). „Зь вялікай цікавасьцю чытаюцца старонкі, прысьвечаныя стану беларускай літаратурнай мовы й пашырэньню яе дзяржаўных функцыяў у Вялікім княсьцьве Літоўскім” – адзначыў У. Анічэнка (Гісторыя беларускае літаратурнае мовы, т .І, у: „Навіны зь Беларусі”, № 11 (106), Нью-Ёрк, 15.06.1968, с. 2). – Гісторыю ўласнабеларускае літаратурнае мовы аўтар пачынае з XV стагодзьдзя, калі, паводля ягоных словаў, пісьменнасьць на тэрыторыі Беларусі насычалася спэцыфічна беларускімі асаблівасьцямі ў такой меры, што, пачынаючы з гэтага часу, ужо ёсьць усе падставы гаварыць аб беларускай літаратурнай мове, якая сваімі артаграфічнымі, граматычнымі й нават лексычнымі рысамі істотна адрозьнівалася ад старарускай літаратурнай мовы (Тамсама, с. 2).

Але калі ўлічыць асаблівасьці структурнага й функцыянальнага разьвіцьця старабеларускае літаратурнае мовы, дык ёсьць усе падставы лічыць яе ўласную гісторыю з XІV ст. Ужо тады на Беларусі шырока распаўсюджвалася дзелавая пісьмовасьць, якая ня толькі працягвала й разьвівала кніжныя традыцыі агульнаўсходнеславянскае мовы, але й прыкметна папаўнялася некаторымі мясцовымі асаблівасьцямі. Што да галоўных рысаў сучасных беларускіх гаворак, то яны склаліся не пазьней XІІІ ст. На працэс фарміраваньня старабеларускае літаратурнае мовы, відаць, уплываў не адзін які-небудзь вузкі дыялект, а буйныя дыялектныя масывы накшталт смаленска-полацкага, наваградзка-гарадзенскага й іншыя, якія ахоплівалі тэрытарыяльна-эканамічныя й палітычныя цэнтры ВКЛ (Тамсама, с. 3).
 
У. Анічэнка зьвярнуў увагу на тое, што А. Жураўскі, дзеля падрабязнага асьвятленьня гісторыі старабеларускае мовы, самастойна вывучыў вялікую колькасьць рукапісных і старадрукарскіх помнікаў XV-XVІІ стагодзьдзяў, якія раней нікім не дасьледаваліся.

Ніна Баршчэўская