• Рыхтуецца пратэст
  • 26.05.2011

Прадстаўнікі апазыцыі і незалежных прафсаюзаў плянуюць правесьці 8 кастрычніка Народны сход. Акцыя будзе прымеркаваная да Міжнароднага дня барацьбы за годную працу.

Арганізатары распачынаюць інфармацыйную працу ў 48 гарадах краіны. Сход будзе праведзены ня толькі ў Менску, але і ў абласных цэнтрах, рэгіянальных гарадах. У ліку патрабаваньняў: спыніць рост цэнаў, забясьпечыць годныя заробкі і пэнсіі, не дапусьціць беспрацоўя, спыніць продаж прадпрыемстваў, гарантаваць свабодную працу незалежным СМІ, рассакрэціць прэзыдэнцкі фонд, зрабіць магчымым свабодны абмен валюты.

Лідэр незалежнага прафсаюзу Генадзь Фядыніч падкрэсьлівае, што арганізатары бяруць на сябе адказнасьць за правядзеньне вулічнай акцыі, будзе створаная дружына, каб забясьпечваць парадак.

Генадзь Фядыніч: Мы гэты праект хочам абмеркаваць з працоўнымі Беларусі. У выніку гэтых патрабаваньняў будзе выказаная маса іншых, што хвалююць людзей краіны. Калі мы прыйдзем да высноў, што патрабаваньні ня будуць выкананыя, выйдзем на плошчу. Мы, прафсаюзы, выводзілі на плошчу і трыццаць, і сорак тысяч чалавек. Будзем браць на сябе адказнасьць, каб не здарыліся правакацыі, каб людзі ведалі, што зь імі паплечнікі, іх сябры, за якімі сем’і. І мы зробім усё магчымае, каб гэтыя акцыі былі мірнымі й прадуктыўнымі.

Адзін з арганізатараў акцыі Віктар Івашкевіч запэўнівае, што калі градус незадаволенасьці ў грамадзтве будзе нарастаць больш хуткімі тэмпамі, то арганізатары гатовыя падтрымаць людзей і “праз тыдзень”.

Віктар Івашкевіч: Сацыяльны выбух можа адбыцца раней, чым мы плянуем. Таму мы цяпер ствараем аргкамітэт акцыі, разумеючы, што сытуацыя можа разьвівацца больш дынамічна.

Генадзь Фядыніч: Зараз ва ўсіх працоўных адно пытаньне: чаму мы так зьбяднелі? Мы выконваем тую самую працу, якая сёньня нічога не каштуе. Людзі ўжо хочуць сустрэч, але ня ведаюць куды ім пайсьці. Гэта добрая прапанова – сесьці за стол перамоў. Калі патрабаваньні будуць выкананыя на ўзроўні фабрык, заводаў, то добра. Але ёсьць патрабаваньні, якія наймальнік ня можа выканаць – ён ня можа надрукаваць валюты, ня можа панізіць кошт прадукцыі. Гэтыя патрабаваньні мусяць выйсьці да кіраўніцтва рэспублікі.

Акцыю падтрымалі незалежны прафсаюз РЭП, партыя левых "Справядлівы сьвет", АГП, аргкамітэты па стварэньні партый “Беларускі рух” і Народная Грамада, кампанія “Гавары праўду!” і Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада.

Марыя Кароль