• Беларусам стала задорага ехаць за мяжу
  • 26.05.2011

Беларусы ня толькі пачынаюць горш жыць з новымі курсамі валюты, але й пазбаўляюцца магчымасьці паехаць за мяжу. Беларуская чыгунка абвесьціла пра падвышэньне коштаў на 36-81%. І вось – ужо новыя кошты ў касах.

 

Цяпер даехаць да Варшавы беларусу каштуе 321 000 рублёў. Раней было каля 230 000. Такім чынам, квіток у два бакі падаражэў на 182 тысячы й пры новым афіцыйным курсе склаў 130 даляраў.

Квіток да Кіева падскочыў да 344 тысяч (раней быў 189 000).

Сьмешная й адначасова сумная сытуацыя выйшла з квітком да Рыгі. Рэч у тым, што цягнік працяглы час не курсіраваў. Ён аднаўляе дзейнасьць толькі з 1 чэрвеня. Быў заяўлены кошт 220 тысяч у адзін бок. Цягнік яшчэ не паехаў, а квіток ужо падаражэў да 350 тысяч!

Ахвотныя даехаць да Масквы заплоцяць у сярэднім 393 тысячы супраць ранейшых 242 000.

Дзіўная сітуацыя зь Вільняй – кошт квітка ў купэ склаў 350 тысяч і перасягнуў нават квіток да Варшавы. Пры тым, што адлегласьць да Вільні ўтрая меньшая.

Аднак па-ранейшаму захоўваецца мажлівасьць ехаць зь перасадкамі ды на электрычках – тады кошты атрымаюцца значна меньшыя.

Дарэчы, ад сёньняшняга дня таксама падаражэлі й квіткі на міжнародныя аўтобусы – у сярэднім на 50 %.

Арцём Багданаў