Сёньня ў судзе Заводскага раёна Менска былі вынесеныя прысуды актывістам анархісцкага руху.
Іх вінавацілі ў зьдзяйсненьні шэрагу палітычных акцый, у прыватнасьці, у нападзе на пасольства Расеі ў Менску ў жніўні 2010 года.
Працэс над Максімам Веткіным, Яўгенам Сілівончыкам, Ігарам Аліневічам, Мікалаем Дзядком і Аляксандрам Францкевічам пачаўся 18 траўня.
Ігар Аліневіч асуджаны на 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй аўтамабіля. Мікалай Дзядок — на чатыры гады й шэсць месяцаў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Аляксандр Францкевіч — на 3 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму, Максім Веткін будзе пакараны чатырма гадамі абмежаваньня волі з накіраваньнем ва ўстанову адкрытага тыпу (хімія), Яўген Сілівончык — 1,5 гадамі абмежаваньня волі з накіраваньнем ва ўстанову адкрытага тыпу.
Дзядок, Аліневіч і Францкевіч не прызналі сваёй віны. Сілівончык і Веткін заявілі аб сваім раскаянньні.
Таксама з усіх іх будзе спагнана 100 млн рублёў пакрыцьця матэрыяльнай шкоды (рознымі долямі).
nn.by/аз