Мосар запрашае на Ўрачыстасьці сьв. Юстына

1 і 4 чэрвеня бягучага года ў Мосары на Віцебшчыне адбудуцца ўрачыстасьці сьв. Юстына-мучаніка.

Як паведаміў ксёндз Аляксей Юркайць – адміністратар мясцовай парафіі, рэліквіі сьвятога Юстына знаходзяцца ў храме з 1838 года. Яны былі прывезеныя графам Антоніем Кошчыцам з Рыму ў 1754 годзе, як дар папы рымскага Бэнэдыкта XIV.

На працягу многіх дзесяцігодзьдзяў многія вернікі ўшаноўвалі рэліквіі сьвятога, і дзякуючы яго заступніцтву выпрошалі Божыя ласкі й бласлаўленьне.

Урачыстасці ў гонар сьв. Юстына ў мосарскім касьцёле пачнуцца Сьвятой  імшой з казаньнем 1 чэрвеня (серада) а 18.00. А 19.30 пачнецца малітва падзякі за скарб хрысьціянскай веры перад рэліквіямі сьвятога мучаніка.

У сваю чаргу 4 чэрвеня (субота) а 16.00 адбудзецца адарацыя Найсьвяцейшага сакрамэнта ў капліцы сьв. Юстына, а ў 18.00 – урачыстая Сьвятая імша з казаньнем.

Суботнія ўрачыстасьці закончыць выступленьне гурта “Небасхіл” зь Менску й моладзевая праграма.

Ганна Сухоцка атрымала тытул ганаровага доктара UKSW

Былая прэм’ер-міністар Польшчы, цяпер амбасадарка краіны ў Ватыкане Ганна Сухоцка атрымала тытул ганаровага доктара (honoris causa) варшаўскага Ўнівэрсытэту імя кардынала Стэфана Вышыньскага.

Ва ўрачыстай прамове прафэсар Юзаф Крукоўскі сказаў, што рашэньне тагачаснай прэм’ер-міністра Ганны Сухоцкай аб заключэньні ў 1993 годзе канкардату між  Польшчай ды Апостальскай Сталіцай мела для палякаў вялікае значэньне.

На ўрачыстым паседжаньні Сэнату Ўнівэрсытэту імя кардынала Стэфана Вышыньскага, падчас якога адбылося ўручэньне дыплому, старшынстваваў ксёндз-прафэсар Генрык Скароўскі. У цырымоніі ўдзельнічалі таксама апостальскі нунцый у Польшчы арцыбіскуп Чэлестына Мільёрэ, прымас Польшчы арцыбіскуп Юзаф Кавальчык, Мітрапаліт Варшаўскі кардынал Казімеж Ныч, генэральны сакратар Канфэрэнцыі эпіскапату Польшчы біскуп Станіслаў Будзік і Мітрапаліт Гданьскі арцыбіскуп Славой Лешак Глудзь ды прадстаўнікі асяродзьдзя культуры й палітыкі ў Польшчы.

Былая прэм’ер-міністар Польшчы Ганна Сухоцка выконвае абавязкі амбасадара РП у Ватыкане з 2001 году.

У Менску прайшла працэсія Божага Цела

Сёньня ў Менску прайшла працэсія Божага Цела.

Канчаткова Менгарвыканкам даў згоду на правядзенне эўхарыстычнай працэсіі  традыцыйным шляхам, а значыць па цэнтральных вуліцах Менска й з чатырма прыпынкамі: касцёл Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) на Залатой горцы − плошча Перамогі − Кастрычніцкая плошча – Чырвоны касьцёл.

Працэсія завершылася каля архікатэдральнага касьцёла.

Catholic.by/аз

Музэй пратэстантызму ў Цешыне: наведваньне ноччу

Ноччу з 27 на 28 траўня можна было наведаць Музэй пратэстантызму ў Цешыне (на мяжы з Чэхіяй).

Адна зь дзьвюх гэткага роду музэйных устаноў у Польшчы была адчыненая ў гэтую незвычайную пару ў рамках Ночы музэяў.

Апрача пастаяннай экспазыцыі пад назвай „Гісторыя лютэранства ў Цешынскай Сілезіі” можна было паглядзець часовую выставу, прысьвечаную бібліятэцы й архіву імя Багуміла Рудольфа Тшамэра. Нагадаем, Бібліятэка Тшамэра (Bibliotheca Tschammeri) зьяўляецца найбольш старым, найбуйнейшым і найбольш каштоўным эвангелічным фондам у Польшчы.

Такім чынам у Ноч музэяў у Цешыне можна было паглядзець, між іншым, каштоўныя рукапісы, найстарэйшаую ў фондах парафіі Біблію, выдадзеную ў Нюрнбэргу ў 1483 годзе з ксілаграфіямі й ручнымі малюнкамі, а таксама іншыя гістарычныя дакумэнты.

У сувязі з 300-годзьдзем з дня народзінаў патрона бібліятэкі збору, Багуміла Рудольфа Тшамэра, шляхціча й юрыста з XVІІІ стагодзьдзя, прэзэнтаваліся некаторыя паасобнікі з перададзенага ім у 1787 годзе кнігазбору.

Музэй пратэстантызму ў Цешыне ўзьнік ў 2009 годзе ў частцы Касьцёла Ісуса – найбуйнейшага лютэранскаага храма ў Цэнтральна-Ўсходняй Эўропе.

У Цешынскай Сілезіі жыве палова з амаль 80 тысячаў польскіх лютаранаў . Цешынска дыяцэзія эвангелічна–аўгсбурскага касьцёла - найбуйнейшая ў Польшчы. Яна налічвае больш за 63 тыс. лютэранаў.


Падрыхтавала Анна Задрожна