Погляд на Эўропу з Амэрыкі
Працягваецца турнэ прэзыдэнта ЗША Барака Абамы па Эўропе. Пасьля наведваньня Ірляндыі, Вялікабрытані ды Францыі амерыканскі лідар завітаў у Польшчу.
Падчас гэтай паездкі па Эўропе Абама правёў шэраг важных сустрэч. Ён размаўляў з брытанскім прэм’ерам Дэйвідам Кэмэранам, з прэзыдэнтам Францыі Нікаля Сарказі ды з расейскім прэзыдэнтам Дзмітрыям Медзьведзевым. У Польшчы Барак Абама сустрэўся з прэзыдэнтам Браніславам Камароўскім ды прэм’ер міністрам Дональдам Тускам. Якія чаканьні ў амэрыканцаў ад гэтых сустрэч ды размоваў? Распавядае экспэрт Атлянтычнай рады са штаб-кватэрай у Вашынгтоне Ян Бжэзіньскі.
Ян Бжэзіньскі: Адной з тэмаў будзе супрацьракетны шчыт. Расея спрабуе заблякаваць рэалізацыю амэрыканскіх плянаў ды абяцаньняў, што да трансатлянтычнай антыракетнай абароны. Цяперашнія размовы нічога не вырашаць, бо прэзыдэнт Абама сустракаўся не з сапраўдным лідарам Расеі, а з нумарам два. Сапраўдны лідар – Уладзімір Пуцін – застаўся ў Маскве. Іншая сытуацыя будзе ў Варшаве. Амэрыканскі бок хоча размаўляць пра гарантыі бясьпекі з боку ЗША ды Захаду для Цэнтральнай Эўропы. Адным з крокаў у гэтым напрамку будзе разьмяшчэньне амэрыканскага вайсковага пэрсаналу ў Польшчы. Магчыма, што ў Варшаве будзе ўзгоднена гэтае пытаньне. Гэтая група будзе займацца абслугоўваньне амэрыканскіх самалётаў Ф-16, разьмяшчэньне якіх плянуецца ў Польшчы. Гэта прынясе карысьці ўсяму рэгіёну.
Крытыкі падкрэсьліваюць, што знаходжаньне невялікага амэрыканскага авіяцыйнага падразьдзяленьня ў Польшчы мае малое вайсковае значэньне. Паводле словаў Чарльза Купчана, палітоляга з Джорджтаўнскага ўнівэрсытэту, Польшча не займае цэнтральнага месца ў амэрыканскай замежнай палітыцы. Палякі павінны пазіраць з рэалізмам у адносінах са Злучанымі Штатамі.
Чарльз Купчан: Польшча прызвычаілася да павышанай пазыцыі ў адносінах з ЗША з часоў Клінтана пасьля падзеньня Бэрлінскай сцяны, а потым за падтрымку палітыкі Джорджа Буша ў Іраку ды Афганістане. Сёньня мы бачым вяртаньне да нармальнай і штодзённай рэчаіснасьці. Польшча становіцца нармальным саюзнікам і гэта вельмі добра. Аднак у Польшчы былі іншыя спадзяваньні, і адсюль непаразуменьні.
У Польшчы ў апошні час шмат гаворыцца пра ўдзел ЗША ў здабычы польскага газу са сланцавых парод. З гэтым зьвязваюць вялікія надзеі на гарантыі бясьпекі з боку ЗША для Польшчы. Гэта памылковы погляд, - лічыць Чарльза Купчан, -бо здабыча газу не нясе ў сябе ніякіх дадатковых гарантыяў бясьпекі.
Чарльза Купчан: Найлепшай гарантыяй бясьпекі для Польшчы будзе дывэрсыфікацыя крыніцаў энэргіі. На маю думку, вельмі істотна паўплывала б на бясьпеку паляпшэньне адносінаў паміж Польшчай ды Расеяй, ЗША ды Расеяй і Эўразьвязам і Расеяй. Гэта мае значэньне для доўгатэрміновай бясьпекі Польшчы ды ўсёй Цэнтральнай Эўропы. Найлепшай гарантыяй бясьпекі не зьяўляюцца Ф-16 ды калючы дрот на мяжы, а адносіны, якія не нясуць пагрозы агрэсіі.
Іншых поглядаў прытрымліваецца Ян Бжэзіньскі, які працаваў у 2001-2005-х гадах у кабінэце амэрыканскага сакратара абароны ды займаўся пытаньнямі вайсковага супрацоўніцтва з Эўропай. На ягоную думку, вайсковая прысутнасьць ЗША ў Польшчы будзе мець істотнае значэньне. Яна дасьць гарантыю бясьпекі ўсяму рэгіёну.
Ян Бжэзіньскі: Дзякуючы нашай прысутнасьці, нават малога падразьдзяленьня, якое зоймецца абслугоўваньнем амэрыканскіх самалётаў, пачнецца рэалізацыя шырокай праграмы трэніровак ды курсаў. Гэта будзе вялікі паварот у польска-амэрыканскай вайсковай ды авіяцыйнай супрацы. Больш таго, гэта прыдасьць фармальнае пацьверджаньне плянам абароны НАТО Цэнтральнай Эўропы на выпадак вайны. Гэта мае вельмі істотнае значэньне.
Дарэчы, амэрыканская вайсковая прысутнасьць у Польшчы была адной з галоўных тэмаў размовы амэрыканскага прэзыдэнта зь кіраўніцтвам Польшчы.
Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч