У Берасьці адбылася прэзэнтацыя спэцвыпуску часопіса ARCHE, прысьвечанага рэгіёну Палесьсе. Інтарэс да палескай тэмы сярод берасьцейцаў быў настолькі вялікі, што ўсе прывезяныя нумары былі раскупленыя.
Трэці сёлетні нумар ARCHE выйшаў пад назвай "Палесьсе: народы, улады й войны" . У ім сабраныя гістарычныя, этналягічныя, этнасацыялягічныя, крытычныя й іншыя дасьледаваньні й матэрыялы, прысьвечаныя рэгіёну.
“Папяровы нумар, у адрозненьні ад он-лайн выданьня, прэзэнтуе ня толькі тэкставую інфармацыю. У ім перадаюцца розныя вымярэньні й глыбіні Палесься рознымі культурнымі кодамі,” – падкрэсьліў галоўны рэдактар часопісу Валер Булгакаў. “Берасьце – адзін з найбольш высунутых на Захад гарадоў беларускай зямлі” – адзначыў далей сп. Булгакаў, - “перажыло вельмі пакутніцкую й страшную гісторыю”.
Часопіс зьмяшчае карты палескай тапанімікі, рэдкасны падбор фотаздымкаў Палесься міжваеннага часу, якія былі знойдзеныя да трактату польскага сацыёляга Юзэфа Абрэмскага, праца якога таксама зьмешчана у нумары. Сярод іншых тэмаў аўтарка Дарота Міхалюк асьвятлляе спрэчку вакол Палесься й спробу вызначэньня дзяржаўнай мяжы паміж БНР і УНР вясной 1918 году.
На Палесьсе, у Берасьце, таксама вядуць і карані АRCHE. Менавіта адсюль паходзіць заснавальнік і сурэдактар часопіса Андрэй Дынько.
Рада Міровіч, Берасьце