У красавіку Міністэрства інфармацыі Беларусі вынесла трэцяе папярэджаньне газэце «Наша Ніва», тым самым інцыявала закрыцьцё газэты. Сёньня рэдакцыя абскарджвае ў судзе гэтае папярэджаньне. Нават пры найгоршым рашэньні газэта будзе выходзіць – абяцаюць супрацоўнікі «Нашай Нівы».
Прычынай закрыцьця гэтай газэты ўскосна зьяўляецца трагічны выбух у менскім мэтро, які меў месца 11-га красавіка. Пасьля гэтага Міністэрства інфармацыі Беларусі вынесла папярэджаньне газэце «Наша Ніва» за публікацыю «недакладнай інфармацыі». Недакладнасьць палягала на тым, што, паводле гэтага выданьня, да позьняга вечара на месцы выбуху знаходзілася адна з ахвяраў трагедыі. Паводле Мінінфармацыі, гэтае паведамленьне дыскрэдытуе дзяржаўныя ворганы ды шкодзіць грамадзкім інтарэсам. Рэдакцыя «Нашай Нівы» абскардзіла гэтае папярэджаньне. Сёньня адбудзецца судовы разгляд гэтай справы. Распавядае Андрэй Скурко, галоўны рэдактар газэты.
Андрэй Скурко: Сёньня а 14:30 у Вышэйшым гаспадарчым судзе адбудзецца разгляд справы, датычнай газэты «Наша Ніва». Мы будзем абскарджваць папярэджаньне Міністэрства інфармацыі, вынесенае нам пасьля публікацыі аднаго з арыткулаў, прысьвечанага трагічным падзеям у мэтро 11-га красавіка. На падставе гэтага трэцяга папярэджаньня Міністэрства інфармацыі ініцыявала справу аб закрыцьці газэты.
«Наша Ніва» й раней сутыкалася з санкцыямі з боку беларускай дзяржавы. Аднак гэтым разам газэта ўпершыню сутыкнулася з пагрозай ліквідацыі.
Андрэй Скурко: Ніколі не было ў нас выпадку, каб «Нашу Ніву», старэйшую беларускую газэту, спрабавалі пазбавіць ліцэнзіі ды права выхаду. Пры цары было такое, у 1915 годзе «Наша Ніва» спыніла выхад. У нас былі розныя праблемы: папярэджаньні, Белпошта й Белсаюздрук разрывалі з намі кантракты, і нельга было распаўсюджвацца праз афіцыйныя каналы. Спробаў пазбавіць ліцэнзіі ніколі не было.
У найгоршым выпадку, калі рашэньне суду будзе нэгатыўнам, якой будзе рэакцыя рэдакцыі?
Андрэй Скурко: Калі будзе пазытыўны вэрдыкт суда, тады ўсё застанецца па-старому. Я на гэта спадзяюся, што газэта «Наша Ніва», якую чытаюць тысячы людзей, будзе надалей працягваць выходзіць. Калі ўсё будзе разьвівацца па больш нэгатыўным сцэнары, у залежнасьці ад таго, наколькі нэгатыўным будзе сцэнар, будуць нашыя дзеяньні. У нас ёсьць варыянты, як далей рабіць газэту ды інфармаваць чытачоў.
Пагроза ліквідацыі завісла яшчэ над адной беларускай незалежнай газэтай «Народная воля». Што адбываецца ў беларускай мэдыя прасторы? На гэтае пытаньне адказвае аглядальнік Аляксандар Класкоўскі.
Аляксандар Класкоўскі: Палітыка беларускіх уладаў у мэдыя сфэры заўжды была даволі жорсткай. Але раней улада не практыкавала татальнай зачысткі ды пакідала нейкую жменю мэдыяў на паказ Эўропе, маўляў, у нас плюралізм. Той самы Лукашэнка казыраў перад замежнымі карэспандэнтамі, што ў яго ў адміністрацыі можна купіць апазыцыйныя газэты. Цяпер жа адкінутыя ўсе ўмоўнасьці, таму што рэзка абвастрылася фінансава-эканамічная сытуацыя.
Навошта атакаваць незалежныя газэты, калі іх наклады значна меншыя, чым дзяржаўных ідэалягічных молахаў?
Аляксандар Класкоўскі: Наклады дзяржаўнай прэсы шмат у чым штучныя, дзякуючы адміністрацыйнаму чыньніку ды эканамічнай дыскрымінацыі. Заркрыцьцё ж папяровых незалежных выданьняў не вырашае праблемаў улады. Скажам, тыднёвік «Наша Ніва» выходзіць накладам шэсьць тысяч асобнікаў, а на сайт за тыдзень заходзіць 150 тысяч наведвальнікаў. Некалі была газэта «Салідарнасьць». Улады яе прыдушылі, і цяпер яна выходзіць у віртуальным выглядзе ды дастаткова папулярная.
Рэпрэсіі ў дачыненьні СМІ, беларускіх ды замежных – гэта страх ды адчай уладаў, мяркуе Аляксандар Класкоўскі.
Аляксандар Класкоўскі: Сярод уладаў ёсьць вялікая трывога, што могуць пачацца сацыяльныя забурэньні. Таму тыя выданьні, якія расказваюць праўду, выклікаюць раздражненьне, на іх выліваецца злосьць і страх, нянавісьць ды раздражненьне ўладаў. Журналісты становяцца крайнімі, як заўжды бывае пры аўтарытарных рэжымах.
На днях Лукашэнка абвінаваціў СМІ: замежныя й беларускія ў тым, што яны вінаватыя ў цяперашнім беларускім крызысе.
Падрыхтаваў Юра Ліхтаровіч