• Беларусь павышае экспартнае мыта на нафту й нафтапрадукты
  • 30.05.2011

Савет міністраў Беларусі прыняў пастанову аб павышэньні ставак экспартнага мыта на нафту й нафтапрадукты, што вывозяцца з тэрыторыі краіны за межы мытнай тэрыторыі Мытнага саюзу.

Такім чынам з 1 чэрвеня стаўка вывознага мыта на 1 тону сырой нафты павысіцца з цяперашніх 453,7 да 462,1 даляраў. На сьветлыя нафтапрадукты (лёгкія й сярэднія дыстыляты, газойлі) мыта складзе 309,6 даляраў за 1 т, на бэнзіны таварныя - 415,8.

Мыта на цёмныя нафтапрадукты (вадкае паліва, масла, адпрацаваныя нафтапрадукты) з 1 чэрвеня складзе 215,8 даляраў, на прапан, бутаны, этылен, прапілен, іншыя звадкаваныя газы — 189,8 даляраў на тону.

Дакумэнтам урэгуляваныя пытаньні спагнаньня й пералічэньня ў бюджэт Расеі мыта пры вывазе з тэрыторыі Беларусі за межы Мытнага саюзу сырой нафты й тавараў з вуглевадароднай сыравіны.

Уведзены й новы мэханізм сплаты й залічэньня экспартнага мыта. Ён прадугледжвае, што мыта ад экспарту беларускай сырой нафты паступае ў бюджэт Рэспублікі Беларусь, а мыта ад экспарту нафтапрадуктаў — у бюджэт Расейскай Фэдэрацыі.

аз/БелТА