• Успамін пра кардынала Стэфана Вышыньскага
  • Audio4.19 MB
  • 05.06.2011

На мінаючым тыдні адзначаліся важныя даты ў гісторыі каталіцкага касьцёла ў Польшчы: гадавіна сьмерці й пахаваньня кардынала Стэфана Вышыньскага – выдатнага ды ўплывовага грамадзкага дзеяча, якога называюць Прымасам тысячагодзьдзя. Кардынал Вышыньскі кіраваў польскім каталіцкім касьцёлам больш за 30 гадоў.

У часы камуністычных рэпрэсіяў у дачыненьні да касьцёла й грамадзтва іерарх накіраваў уладам ПНР зварот, у якім заявіў, што з-за перасьледу каталіцкага касьцёла ў Польшчы ён на далейшыя ўступкі згадзіцца ня можа.

Неўзабаве пасьля звароту ў верасьні 1953 году ён быў арыштаваны. Падчас трохгадовай ізаляцыі кардынал апрацаваў праграму аднаўленьня рэлігійнага жыцьця ў Польшчы, а кульмінацыйным момантам яе стала Яснагурская прысяга народу.

Гэта дзякуючы прымасу ў 1966 годзе прайшлі ўрачыстасьці, зьвязаныя з 1000-годзьдзем хрышчэньня Польшчы. Вось што тады Стэфан Вышыньскі сказаў пра ролю касьцёла:

Стэфан Вышыньскі: Касьцёл, мае дзеці, паказвае нам, што ансовай кожнага грамадзкага жыцьця зьяўляецца пашана чалавека, зразуменьне ягонай годнасьці. Чалавек – гэта перш за ўсё асоба, а не прадмет, матэрыя ці машына. Чалавек, гэта дзіцё Божае, таму з моманту нараджэньня ў яго павінны быць усе правы. 

- гаварыў кардынал.

У 1960-я гады прымас Польшчы удзельнічаў у працы ІІ Ватыканскага сабору. Гэта па ягонай просьбе 21 лістапада 1964 году папа рымскі абвесьціў Марыю Маці Касьцёла.

Таксама па яго ініцыятыве Эпіскапат Польшчы ў 1965 годзе накіраваў нямецкім біскупам вядомае пасланьне з просьбай аб прабачэньні й прымірэньні паміж двума народамі. Згаданы зварот востра раскрытыкавалі тагачасныя ўлады ПНР. Першы сакратар Цэнтральнага камітэты Польскай аб’яднанай рабочай партыі Ўладзіслаў Гамулка напаў з трыбуны на кардынала Вышыньскага.

Уладзіслаў Гамулка: Гэты неадказны пастыр, змагаючыся з нашай народнай дзяржавай, распавядае, што яго не цікавіць польскі дзяржаўны інтарэс, ён ставіць свае выдуманыя прэтэнзіі вышэй за незалежнасьць Польшчы. Якое ж мусіць быць асьляпльеньне згаданага кіраўніка польскага эпіскапату й ягоных паплечнікаў!

- гаварыў раззлаваны Ўладзіслаў Гамулка ў 1965 годзе.

У 1957 -65 гадах перад юбілеям 1000-годзьдзя хрышчэньня Польшчы прымас правёў вялікую навэнну ў выглядзе нацыянальных рэкалекцыяў. 

У 1978 годзе, калі Караль Вайтыла быў абраны папам рымскім ды прыняў імя Ян Павал ІІ, кардынал Стэфан Вышыньскі ўспрыняў згаданы факт як пачатак новага пэрыяду ў жыцьці вернікаў і шанец для касьцёла ў Польшчы.

Кардынал гаварыў пра гэта ў інтэрвію Ватыканскаму радыё;

Стэфан Вышыньскі: Згаданая падзея проста незвычайная! Сьвет зь цікавасьцю глядзіць на жывую веру й сілу малітвы новага папы рымскага, які прыйшоў у Рым з краіны палякаў.

- сказаў кардынал Вышыньскі.

У 1980-1981 гадах прымас быў перамоўцам між камуністычнымі ўладамі й прафсаюзам „Салідарнасьць”. Перад заканчэньнем страйку 28 жніўня 1980 году іерарх выступіў на Яснай Гары – галоўным месцы рэлігійнага культу ў Польшчы - са сваім апошнім зваротам да народу.

Стэфан Вышыньскі: Пэрыяд, сьведкамі якога мы зьяўляемся, крануў Зямлю. Чалавек - гэта грамадзкая адзінка, прызначаная для жыцьця ў супольнасьці, у грамадзкіх  аб’яднаньнях. І таму неабходна шанаваць права грамадзяніна на аб'яднаньні й згуртаваньні.   

- казаў кардынал Стэфан Вышыньскі.

На пачатку 1981 году краіну ўскалыхнулі чарговыя палітычныя напружаньні з-за напружаньняў паміж уладамі й прафсаюзам „Салідарнасьць”. У сувязі з гэтым прымас сустрэўся з тагачасным лідарам дзяржавы Войцехам Ярузэльскім.

Ён хацеў, каб сытуацыя супакоілася, каб улады не прымянілі сілавыя рашэньні, заклікаў дзеячаў прафсаюзаў не прымушаць уладаў ісьці на канфрантацыю. 

Ад сакавіка 1981 году кардынал Вышыньскі змагаўся з анкалягічнай хваробай. Апошні раз ён выступіў публічна падчас паседжаньня Галоўнай рады Эпіскапату Польшчы 22 траўня. Ён памёр некалькі дзён пазьней – 28 траўня, у сьвята Унебаўзяцьця Гасподняга.

Пахаваньне кардынала Вышыньскага было буйной палітычнай падзеяй, дэманстрацыяй падтрымкі яго ідэяў. Ва ўрачыстасьцях на пляцы Пілсудзкага ў Варшаве, якія ачольваў ватыканскі дзяржсакратар Агастына Касаролі, удзельнічалі тысячы людзей.

Падчас жалобнай імшы кракаўскі мітрапаліт кардынал Францішак Махарскі зачытаў гамілію, адмыслова падрыхтаваную з гэтай нагоды папам рымскім Янам Паўлам ІІ.

Падчас набажэнства быў зачытаны таксама духоўны тэстамэнт кардынала Вышыньскага, у якім ён прабачыў усім, таксама й тым, хто яго перасьледаваў і пазбаўляў свабоды. 

Кардынал Стэфан Вышыньскі быў пахаваны ў архікатэдры сьв. Яна ў Варшаве. Ад 1989 году працягваецца ягоны бэатыфікацыйны працэс.

У сваіх нататках прымас падкрэсьліваў, што больш чым за касьцёл ён перажывае за Польшчу.

Бласлаўлёны Ян Павал ІІ, які да выбару па Апостальскі пасад быў блізкім падзьвіжнікам прымаса Вышыньскага, на пачатку свайго пантыфікату зьвярнуўся да яго з наступнымі словамі: „ Не было б у Пятровай сталіцы папы рымскага - паляка, калі б не было Тваёй веры, якая ня згінула ў турме й ад пакутаў, Тваёй гераічнай надзеі (…), калі б ня было Яснай Гары ды таго пэрыяду ў каталіцкім касьцёле нашай Айчыны, які зьвязаны з Тваёй службай як біскупа й прымаса”.

аз