• У аўторак ва Ўроцлаве распачаліся Дні беларускай культуры
  • 01.06.2011

У аўторак ва Ўроцлаве распачаліся Дні беларускай культуры. Урачыстасьць адкрыцьця імпрэзы прайшла ў бібліятэцы Ossolineum. Арганізатар фэсту, прафэсар Мікола Іваноў, кажа, што задача Дзён – прасоўваць малавядомую ў Польшчы беларускую культуру.

У сераду наведнікі імпрэзы змогуць сустрэцца зь пісьменьнікам Уладзімерам Арловым. На чацьвер і пятніцу былі заплянаваныя спэктаклі Купалаўскага тэатру, аднак некалькі дзён таму беларускія ўлады забаранілі акторам выязджаць у Польшчу. Замест Купалаўскага арганізатары запрасілі два прыватныя тэатры з Горадні й Менску. Але й ім выезд быў забаронены, а тэатру “Дошкі” пагражалі нават ануляваць ліцэнзію.

У суботу ў рамках Дзён пройдзе вечар салідарнасьці з палякамі ў Беларусі. Спэцыяльным госьцей гэтага спатканьня будзе экс-старшыня СПБ Анжаліка Борыс. У гэты ж дзень беларускі фольк, рок і акустычную музыку прадставіць гурт “Рэха”.

Заключным пунктам паграмы стане сустрэча са Станіславам Шушкевічам і Аляксандрам Мілінкевічам.

На пачатку ліпеня, падчас Фэстывалю этнічнай музыкі “Вольнае паветра”, у Беларусі выступяць польскія фольк-гурты Żywiołak, Grupa Wadada i DJ Wujcio.

За некалькі гадоў неафіцыйнага існаваньня гэтая імпрэза стала адной з самых галоўных падзей, якія прасоўваюць этнічную музыку ў Беларусі. З самых першых дзён ён быў арыентаваны на беларускую нацыянальную культуру. На фэсьце гасьцявалі “Троіца”, “Стары Ольса”, “Яр”, Зьміцер Вайцюшкевіч, “Крамбамбуля” й  “Drum Ekstasy”. Але сёлета фэстываль атрымаў статус афіцыйнага й пашырыў сьпіс гасьцей на замежных выканаўцаў.

Упершыню на “Вольным паветры” выступяць музыкі з Расеі, Польшчы й Сэрбіі. Апрача фольку, прагучаць абсалютныя новыя плыні ў музыцы.

Разам з гасьцьмі з замежжа на сцэне выступяць “Нагуаль”, “Акапа”, “Гуда”, “Гурзуф”, “Первамір”, “Юр’я”, “Дзівасіл”,  “Hidden Tribe”.

Фэст стартуе 2 ліпеня ва ўрочышчы Шаблі пад Менскам.

Пэрсанальная выстава жывапісу прафэсара Інстутута мастацтваў Кракаўскай пэдагагічнай акадэміі Пятра Яргуша адчыніцца 7 чэрвеня ў Галерэі інтэрнэт-парталу tut.by (вуліца В. Харужай 1А, 6-ы паверх).

Усяго адбылося 60 індывідуальных выставаў Пятра Яргуша, ён таксама браў удзел у больш чым 100 калектыўных выставах у Польшчы й за мяжой. У апошнія гады ён паказвае свае працы ў прасторы гарадоў, расклееныя на слупах для аб’яў. Менавіта такім чынам у Кракаве быў рэалізаваны праект "Польскія сьвяты ", а цяпер рыхтуецца праект "Месяцы".

Пётр Яргуш зьяўляецца прафэсарам Кракаўскага пэдагагічнага ўнівэрсытэту. Ён кіруе майстэрняй жывапісу й малюнку па спэцыяльнасьцях “мастацкая адукацыя” й “графіка”. Пад яго кіраўніцтвам студэнты арганізавалі каля 40 прэзэнтацый жывапісу, малюнку й фатаграфіі ў розных выставачных месцах Кракава, Горліц, Кіева, Камянца Падольскага. У 2011 годзе Яргуш ўзнагароджаны Сярэбраным мэдалём Міністэрства нацыянальнай адукацыі Польшчы.

Катэдра беларусістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэта 31 траўня 2011 году ўзбагаціла свой кнігазбор “Дзікім паляваньнем караля Стаха”, выдадзеным Фондам беларускай культуры з нагоды Году Караткевіча. Кніга выйшла на беларускай мове ды ў перакладах на расейскую, украінскую й ангельскую. Кнігу падарылі Катэдры старшыня й намесьнік старшыні Фонда беларускай культуры Ўладзімір Гілеп і Анатоль Бутэвіч.

Анатоль Бутэвіч – знакаміты перакладчык польскай літаратуры – перадаў Катэдры таксама збор апавяданьняў Станіслава Лема «Непераможаны» ды аповесьць Рышарда Курыльчыка «Нязломны з Назарэта» ў сваім перакладзе на беларускую мову, а таксама раман свайго аўтарства «Каралева не здраджвала каралю» - аповед пра прыгоды й каханьне 17-гадовай беларускай князёўны Соф'і Гальшанскай і 70-гадовага вялікага князя літоўскага й караля польскага Ягайлы.

Падчас уручэньня падарункаў Катэдры беларусістыкі прысутны быў амбасадар Рэспублікі Беларусь у Польшчы праф. Віктар Гайсёнак, які падзяліўся са студэнтамі й выкладчыкамі сваімі рэфлексіямі пра Ўладзіміра Караткевіча й перадаў Катэдры дакумэнтальны фільм пра гэтага знакамітага беларускага пісьменьніка пад загалоўкам Сьвет Караткевіча.

У Гістарычным музэі ў Беластоку можна пазнаёміцца з узорамі унікальнай сакральнай архітэктуры польскіх, летувіскіх і беларускіх татараў, намаляванымі на карцінах мастачкі Эльвіры Сабалеўскай-Валішэўскай. На карцінах можна пабачыць ня толькі дзеючыя мячэці, але й разбураныя падчас вайны.

Выстава прысьвечана 85-годзьдзю Мусульманскага рэлігійнага саюза ў Польшчы. Варта дадаць, што на тэрыторыі даўняй Рэчы Паспалітай дзейнічалі 17 татарскіх мячэцяў і два малітоўныя дамы.

У Мадрыдзе адчынілася выставы культуры й мастацтва Рэчы Паспалітай ад часоў Ягайлы да канца незалежнасьці ў 1795 годзе. Экспазыцыю падрыхтаваў Нацыянальны музэй у Кракаве.

Гішпанцы змогуць пабачыць помнікі жывапісу, скульптуры й рамёстваў з часоў Сярэднявечча. Пра заснаваньне польскай дзяржавы можна даведацца з самых старых манэт, дэнураў Баляслава Адважнага, які жыў напрыканцы 10 ст.

У частцы “Рэнэсанс” можна пабачыць творы мастацтва пэрыяду панаваньня Ягелёнаў. Наступная экспазыцыя прадстаўляе культуру Рэчы Паспалітай часоў дынастыі рода Ваза. Далей наведнікі выставы пазнаёмяцца з экспазыцыяй пра перамогу Яна ІІІ Сабескага над турэцкімі войскамі пад Венай у 1683 годзе, а таксама польскае мастацтва Саскай дынастыі.
Восьмая частка выставы прысьвечаная каралю Станіславу Аўгусту Панятоўскаму, мэцэнату навукі, мастацтва й літаратуры.

дг