• Беларуская мова ў гісторыі Беларусі – часопіс „Навіны зь Беларусі ” – 4
  • 02.06.2011

 У ліку пісьмовых помнікаў старога пэрыяду ў беларускай мове асобнае месца займаюць тэксты, напісаныя арабскім пісьмом. Такія тэксты выходзілі з-пад пяра татараў дзеля задавальненьня духовых інтарэсаў выключна татарскага насельніцтва і, будучы напісанымі арабскімі літарамі, зьнешне нават выглядалі зашыфраванымі для беларускага чытача – адзначыў А. Жураўскі ў артыкуле Беларуская мова ў мусульманскай літаратуры (у: „Весці АН БССР”, серыя грамадскіх навук, № 4, Мінск, 1969, с. 140-142), на які спаслаўся нью-ёрскі часопіс „Навіны зь Беларусі” з 15.10.1969 году (Беларуская мова ў мусульманскай літаратуры, у: „Навіны зь Беларусі”, № 19 (138), Нью-Ёрк, 15.10.1969, с. 5-7). Гэтыя своеасаблівыя помнікі ўжо даўно зьвярнулі на сябе ўвагу дасьледчыкаў. Зь імі ў розныя часы знаёмілі навуковую грамадзкасьць польскія, беларускія, расейскія ды іншыя вучоныя: Г. Флейшар, А. Мухлінскі, І. Луцкевіч, Я. Станкевіч, Я. Карскі, Я. Шынкевіч, І. Крачкоўскі, А. Самойлавіч, В. Вольскі, А. Заянчкоўскі, М. Канапацкі, А. Варановіч і іншыя (тамсама, с. 5). Напрыканцы 1968 году ў Вільні выйшла праца А.К. Антановіча Белорусские тексты, пісанные арабским письмом, и их графико-орфографическая система. Зь першых старонак уводзін чытач даведваецца пра пасяленьне татараў на Беларусі, а таксама пра прычыны, якія прымусілі татараў зьвярнуцца да беларускае мовы як да сродку адукацыі й набажэнства – напісаў А. Жураўскі ў рэцэнзіі. „Татары ў Беларусі зьявіліся вельмі рана, спачатку як ваеннапалонныя, а затым як добраахвотныя пасяленцы. Апынуўшыся ў беларускім культурным і бытавым асяродзьдзі, яны ўжо каля сярэдзіны XVІ ст. забыліся сваю родную мову й перайшлі да карыстаньня мясцовай беларускай мовай. Для татарскага насельніцтва беларуская мова стала  ня толькі сродкам бытавых зносін, але й мовай некaтoрых відаў мусульманскае рэлігійнае літаратуры. Узьнікненьне такіх твораў адносіцца прыкладна да сярэдзіны XVІ ст., але захаваліся яны толькі ў пазьнейшых сьпісах.” (тамсама, с. 6). Сярод вывучаных помнікаў, меркаваньнем Жураўскага, асаблівую цікавасьць прадстаўляе турэцка-беларускі слоўнік-размоўнік, напісаны каля 1836 году. Гэты слоўнік прызначаўся служыць дапаможнікам пры вывучэньні турэцкае мовы асобамі, якія намерваліся эміграваць у Турцыю.

 У храналягічных адносінах А. Антановіч вывучаныя помнікі разьмеркаваў наступным чынам: 3 рукапісы адносяцца да XVІІ ст., 9 – да XVІІІ ст., 11 – да XІX ст. і 1 – да XX ст. (тамсама, с. 6).
    
 Разгледжаныя помнікі маюць вялікае значэньне для  гісторыі беларускае мовы перш за ўсё дзякуючы таму, што запісаныя яны ў большасьці зь перавагай фанэтычнага прынцыпу правапісу, у адрозьненьне ад уласнабеларускіх помнікаў кірылаўскага пісьма, якія запісваліся згодна з этымалягічна-марфалягічным прынцыпам, у сувязі з чым спэцыфічныя фанэтычныя асаблівасьці беларускае мовы ў іх альбо зусім не адлюстроўваюцца, альбо трапляюцца толькі спарадычна ў выглядзе памылак. У адрозьненьне ад гэтага мусульманскія тэксты больш шырока перадаюць некаторыя асаблівасьці беларускага вымаўленьня. (тамсама, с. 6). „Увогуле мова беларускіх тэкстаў, напісаных арабскім пісьмом, вельмі блізкая да народна-гутарковае. У ёй знайшлі сваё яркае адлюстраваньне многія мясцовыя асаблівасьці паўднёва-заходняга беларускага дыялекту, а таксама невялікае паласы сярэднябеларускіх і паўднёва-заходняе часткі полацкае групы беларускіх гаворак.” (тамсама, с. 6).

 Ацэньваючы дасьледаваньне А. Антановіча, А. Жураўскі падкрэсьліў, што помнікі, напісаныя арабскім пісьмом, утвараюць вельмі каштоўны дадатак да беларускае кірылаўскае пісьменнасьці таго часу. Параўнальнае іх вывучэньне адкрывае магчымасьць пастаноўкі й вырашэньня многіх пытаньняў гісторыі беларускае мовы, у першую чаргу такіх, як праблема адносінаў старое беларускае літаратурнае мовы да народна-гутарковае, грамадзка-культурныя функцыі беларускае мовы ў старажытнасьці, некаторыя аспэкты беларуска-польскіх моўных адносінаў і іншыя. Каштоўнымі зьяўляюцца разгледжаныя рукапісы й для вывучэньня многіх пытаньняў гістарычнае дыялекталёгіі беларускае мовы. Вывучэньне іх лексыкі дасьць цікавы матэрыял для гістарычнага слоўніка беларускае мовы  – адзначыў А. Жураўскі, на публікацыю якога спаслаўся нью-ёрскі часопіс „Навіны зь Беларусі” (тамсама, с. 6-7).

Ніна Баршчэўская