• МВФ: тэрміны разгляду беларускай заяўкі пакуль не вызначаныя
  • 02.06.2011

Місія Міжнароднага валютнага фонду, якая цяпер знаходзіцца ў Менску, абмяняецца з уладамі Беларусі думкамі аб магчымасьці прадастаўленьня крэдытнай падтрымкі, паведаміла пастаянны прадстаўнік МВФ у Беларусі Натальля Калядзіна.

Заяўку ў МВФ на прадастаўленьне стабілізацыйнага крэдыту беларускі ўрад і Нацбанк накіравалі ўчора. Як заявіў прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч, Беларусь разлічвае прыцягнуць ад 3,5 да 8 млрд. даляраў у рамках новай праграмы супрацоўніцтва з МВФ.

У прадстаўніцтве МВФ не камэнтуюць здагадкі шэрагу экспэртаў аб тым, што фонд можа адмовіць Беларусі ў прадастаўленьні крэдыту па палітычных матывах. Такое меркаванне, у прыватнасці, выказаў экс-кіраўнік Нацбанка Станіслаў Багданкевіч. Па яго словах, уладам ня ўдасца атрымаць крэдыт МВФ, пакуль у Беларусі будуць працягвацца палітычныя рэпрэсіі. Пры гэтым Багданкевіч нагадвае, што асноўныя акцыянэры фонду -- ЗША, Еўразвяз, Японія й Канада.

Паводле словаў Натальлі Калядзінай, тэрміны разгляду заяўкі пакуль ня вызначаны.


кр/БелаПАН