31-га траўня ў Польшчы ва Ўроцлаве пачаліся Дні беларускай культуры. На гэты раз не абыйшлося без нечаканасьцяў: упершыню не змаглі ўзяць ўдзел у імпрэзе беларускія тэатральныя калектывы па палітычных матывах. Зь іншага боку, гэта толькі павысіла інтарэс польскай публікі да фэстывалю.
31-га траўня ва Ўроцлаве пачаліся Дні беларускай культуры. У рамках гэтага фэстывалю ўжо адбылася выстава сучаснага беларускага выяўленчага мастацтва на галоўнай плошчы гораду. Учора там жа адбыўся вечар беларускай паэзіі ды сустрэча зь вядомым беларускім літаратарам Уладзімірам Арловым. Пра тое, як прайшла гэтая вечарына, распавядае арганізатар фэстывалю Мікола Іваноў з Фонду „За нашу й вашу свабоду”.
Мікола Іваноў: Мы баяліса, што ў сувязі з праблемамі вакол фэстывалю будзе мала людзей, але ўсё стала наадварот. Учора ў нас выступаў вядомы беларускі літаратар, ляўрат узнагароды „Эўрапейскі паэт свабоды” Ўладзімір Арлоў. Адбылася вельмі цікавая дыскусія. На галоўнай уроцлаўскай плошчы праходзіць таксама выстава беларускіх мастакоў: Аляксея Марачкіна, Генадзя Драздова, Уладзіміра Кіслага ды іншых.
Сёньня ў праграме тэатральны вечар. Першапачаткова арганізатары плянавалі, што жыхары Ўроцлава ўбачаць „Пінскую шляхту” у выкананьні Нацыянальнага тэатру імя Янкі Купалы. Дамоўленасьць з тэатрам ужо была, аднак кіраўніцтва тэатру адмовілася прыехаць. З-за забароны з боку Міністэрства культуры, кажа Мікола Іваноў.
Мікола Іваноў: Мы запрасілі тэатар Янкі Купалы, але ўлады ім выкруцілі рукі ды не дазволілі прыехаць. Мы запрасілі іншы тэатар, ім таксама не дазволілі. Зараз ужо трэці тэатар запрашаем, ды не вядома, ці яны прыедуць.
Паводле словаў мастацкага кіраўніка тэатру Мікалая Пінігіна, фэстываль, які праходзіць ва Ўроцлаве, ня мае нічога агульнага зь беларускай культурай. Гэта палітычнае мерапрыемства й дзяржаўны тэатар у ім ня можа браць удзелу.
Мікалай Пінігін: Гэтае мерапрыемства называецца Дні беларускай культуры, але з культуры там павінен быў быць толькі Купалаўскі тэатар, а ўсё астатняе – гэта палітычнае мерапрыемства. Тэатар пазыцыянуе сябе так: мы як дзяржаўны тэатар ня можам удзельнічаць у палітычных мерапрыемствах. У нас будуць праблемы. У нас была зацікаўленасьць ды мы падпісалі дамову, але нас ніхто не папярэджваў, што гэта цалкам палітычнае мерапрыемства. Потым, калі гэта высьветлілася зь інтэрнэту... Вы ж разумееце, мы дзяржаўны тэатар і мы ня можам прыватна вырашаць такія праблемы.
Пасьля адмовы нацыянальнага тэатру арганізатары запрасілі іншы калектыў - „Д.О.Ш.К.І.”. У апошні момант трупа таксама адмовілася прыяжджаць з-за ціску з боку ўлады. Гаворыць Мікола Іваноў.
Мікола Іваноў: Беларускія ўлады забаранілі прыезд ва Ўроцлаў тэатру імя Янкі Купальы ды танцавальнаму калектыву „ Д.О.Ш.К.І.”. Кіраўніка калектыву выклікалі ў міністэрства ды пагразілі тым, што забяруць ліцэнзію.
У міністэрстве культуры Беларусі нічога ня ведаюць пра гэтую справу. Гаворыць прэс-сакратар міністэрства Ганна Смольская.
Ганна Смольская: Я ўпершыню чую пра гэта ад вас. Празь мяне такая інфармацыя не праходзіла й я не ведаю, як пракамэнтаваць гэтую сытуцыю. Афіцыйна празь мяне нічога не праходзіла па гэтаму пытаньні.
Пасьля дзьвюх няўдалых спробаў арганізатары трымалі ў таямніцы да ўчорашняга дня назву наступнага калектыва, які яны запрасілі. Сёньня стала вядома, што выступаць будзе гарадзенскі прыватны тэатар „Правінцыя”. Польская грамадзкасьць актыўна зарэагавала на гэтую сытуацыю. Паводле словаў арганізатара, сёньня чакаецца аншляг.
Мікола Іваноў: Мы з самага пачатку намагаліся зрабіць непалітычным гэты фэстываль: палітычныя мерапрыемствы асобна, і культурная праграма - асобна. Зь іншага боку, немагчыма не зьвяртаць увагу на тое, што ў Беларусі ідуць палітычныя суды, расьце колькасьць палітычных зьняволеных. Мы запрасілі прыватны тэатар «Правінцыя» з Горадні. Мы спадзяемся, што жыхары сталіцы Ніжняй Сілезіі будуць задаволеныя выступам беларускіх артыстаў. Тым больш, што ўрацлавяне ў знак салідарнасьці вельмі ахотна прыходзяць, звоняць нам і выказваюць сваё абурэньне гэтымі дзеяньнямі.
Сытуацыя зь непрыездам узельнікаў адбываецца ўпершыню. Паводле словаў Яна Анджэя Дамброўскага, дырэктара Фонду „Калегіюм Усходняй Эўропы” ва Ўроцлаве, арганізатара пяці папярэдніх фэстываляў з цыклю Дні беларускай культуры, раней не здаралася, каб хтосьці не прыяжджаў зь Беларусі з афіцыйнага ці апазыцыйнага боку.
Ян Анджэй Дамброўскі: Мы арганізавалі пяць разоў фэстывалі беларускай культуры. Да нас прыяжджалі вельмі розныя творцы й ніколі ня здарылася, каб нехта не атрымаў візу ці некага не выпусьцілі й г.д. Я ня ведаю, як цяпер працавалі арганізатары, і мне цяжка сказаць. У нас ніколі не было праблемаў з гасьцямі. Бывалі прадстаўнікі ўлады ды апазыцыі, і заўсёды без канфліктаў. Можа некаму не падабалася, але мне пра гэта нічога не вядома.
Дні беларускай культуры ва Ўроцляве пройдуць да 5-га чэрвеня. У праграме - канцэрт гурта „Рэха”, вечар салідарнасьці з палякамі ў Беларусі й вечар салідарнасьці зь беларускім народам.
Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч