Кішэчная палачка атакуе Эўропу. Хаця не пацьвердзілася тэорыя, што эпіцэнтар знаходзіцца ў Гішпаніі, эўрапейцы надалей адмаўляюцца купляць садавіну й агародніну гішпанскай вытворчасьці. У Эўропе паніка, а Расея ўводзіць эмбарга на ўвоз садавіны й агародніны з Эўразьвязу, не заглыбляючыся ў ньюансы, адкуль узялася бактэрыя.
Для адных „агурковы крызыс”, для іншых- кішэчны кашмар. Гішпанскія плянтатары лічаць страты, а тым часам па Эўропе вандруе кішэчная палачка. Не пацьвердзілася тэорыя, што прычынай масавых заражэньняў зьяўляюцца агуркі зь гішпанскай плянтацыі ў горадзе Маляга. Па сёньняшні дзень не ўдалося знайсьці эпіцэнтар бактэрыі.
Найбольш захворваньняў адзначана ў паўночнай Нямеччыне, пераважна ў Гамбургу. Паасобныя факты заражэньня аднатаваны таксама ў Даніі, Вялікабрытаніі, Галяндыі, Швэйцарыі, Чэхіі, Швэцыі й Польшчы. Прычым усе хворыя прабывалі на поўначы Нямеччыны.
Ад пачатку зьяўленьня праблемы зь кішэчнай палачкай у Эўропе канстатаваны 18 сьмяротных зыходаў- 17 у Нямеччыне й адзін у Швэцыі.
На думку экспэртаў, складанасьці з высьвятленьнем эпіцэнтру заражэньня ўзьніклі ў сувязі з тым, што прадукты, перад тым як трапіць да спажыўца, прайшлі празь некалькі краінаў і складоў.
Доктар Кляўс-Дытэр Застраў зь нямецкага фэдэральнага Інстытуту гігіены лічыць, што ня трэба баяцца спажываць садавіну й агародніну, аднак вельмі важна набываць прадукты ў правераных пунктах і пазьбягаць спажываньня страваў невядомага паходжаньня, якія ўтрымліваюць сырыя прадукты.
Кляўс-Дытэр Застраў: На маю думку, можна спажываць усе прадукты, але пры ўмове, што дома яны будуць дакладна вымытыя, і не абавязкова цьвёрдай шчоткай.
Доктар зьвярае ўвагу яшчэ й на той факт, што прычынай захворваньня могуць быць брудныя рукі.
Што цікава, масавая істэрыка, выкліканая страхам перад заражэнем бактэрыяй кішэчнай палачкі, спрычынілася да таго, што ў многіх краінах людзі перасталі купляць садавіну, вырашчаную ў сваіх краінах. Вынікам гэтай істэрыкі зьяўляюцца велізарныя страты плянтатараў, якія ўтрымліваюцца выключна з вырошчваньня садавіны й агародніны. А наступствам гэтага будуць нізкія паступленьні ў буджэт ад падаткаў і іншых аплатаў.
Пакуль эўрапейскія санітарныя службы шукаюць эпіцэнтру бактэрыі, Расея, не ўнікаючы ў ньюансы, адкуль ідзе небясьпека, у чацьвер увяла эмбарга на пастаўкі садавіны й агародніны з усіх краінаў ЭЗ.
Польскі міністар сельскай гаспадаркі Марэк Савіцкі прытрымліваецца думкі, што расейскія службы маюць права ахоўваць свой рынак у імя абароны спажыўцоў. Пры нагодзе міністар зьвяртае ўвагу на павольную працу эўрапейскіх службаў, якія амаль тыдзень шукаюць і ня могуць знайсьці эпіцэнтра небясьпечнай бактэрыі
Марэк Савіцкі: Я ведаю, што цэлы дзень адбывалася размова паміж расейскім і нямецкім міністэрствамі. Магчыма, што нямецкія тлумачэньні не былі для расейцаў дастатковымі. Паколькі ў ЭЗ супольны рынак і няма межаў, таму расейцы ўводзяць жорсткія абмежаваньні ў дачыненьні ўсіх краінаў аж да моманту высьвятленьня крыніцы заражэньня.
Міністар Савіцкі паведаміў, што на пачатку наступнага тыдня будзе размаўляць з расейскім міністрам сельскай гаспадаркі з мэтаю высьвятленьня сытуацыі. Міністар прыгадаў, што Расея імпартуе з Польшчы галоўным чынам яблыкі, і таму вялікіх стратаў ня будзе, паколькі на гэтую садавіну яшчэ не прыйшоў сэзон.
У сваю чаргу Украіна ўвяла больш жорсткі кантроль за імпартаванай з Эўрапейскага Зьвязу агароднінай. Гэта азначае пэўныя праблемы для польскіх вытворцаў, якія пастаўляюць ва Ўкраіну перш за ўсё цыбулю, а таксама моркву й памідоры.
Тым часам Эўрапейская камісія запатрабавала ад Масквы тлумачэньняў у сувязі з увядзеньнем эмбарга на пастаўкі садавіны й агародніны. Брусэль лічыць, што забарона на імпарт непрапарцыянальная да пагрозы заражэньня, паведміў Польскаму радыё прэс-сакратар Эўракамісіі Фрыдэрык Вінцэнт. Днямі павінна адбыцца сустрэча эўрапейскіх экспэртаў з прадстаўнікамі расейскіх санітарна-эпідэміялягічных службаў.
З дадзеных ЭК вынікае, што ЭЗ экспартуе ў Расею штогод тавары расьліннай вытворчасьці на суму амаль 4 мільярдаў эўра.
Караліна Русіновіч