• МУС узнагародзіць аўтараў фільму пра начное падарожжа ў мэтро
  • 03.06.2011

МУС Беларусі мае намер узнагародзіць групу хлопцаў за несанкцыянаванае пранікненьне ўначы ў менскае метро, заявіў сёньня намесьнік міністра ўнутраных справаў Алег Пякарскі. Яго словы цытуе агенцтва БелТА.

Паводле яго, маладыя людзі праявілі грамадзянскую пазыцыю. “Яны ня толькі зьвярнулі ўвагу на тое, што ўваход у мэтро адкрыты ў начны час, але й звярнулі ўвагу на гэты факт іншых супрацоўнікаў міліцыі” - сказаў Пякарскі.

Па факце несанкцыянаванага доступу ў мэтро працягваецца службовае расьследаваньне. Паводле яго слоў, на кожнай станцыі ў начны час дзяжурыць супрацоўнік міліцыі, і ў ноч інцыдэнту ён быццам бы знаходзіўся на іншым крыле станцыі мэтрапалітэна.

Алег Пякарскі адзначыў, што рашэньне аб магчымым пазбаўленьні званьняў і пагон тых, хто непасрэдна вінаваты ў здарэньні, прыме асабіста Аляксандар Лукашэнка.

Нагадаем, 28 траўня ў інтэрнэце зьявілася відэа, на якім бачна, як група маладых людзей шпацыруе па станцыі мэтро “Маскоўская”. На гадзіньніку ў мэтро бачны час – 3.49.

дг