Карта паляка – прадмет размоваў Менску з Варшавай?
Афіцыйны Менск прапануе Варшаве размовы па Карце паляка. 7 красавіка Канстытуцыйны суд Беларусі выдаў вэрдыкт, што Карта паляка не адпавядае нормам міжнароднага права. Варшава ня бачыць тут прадмету для размоваў.
На днях Палата прадстаўнікоў Беларусі зьвярнулася з прапановай правесьці міжпарлямэнцкія перамовы па тэме Карты паляка. Маўляў, у Беларусі гэты дакумэнт выклікае вялікія сумневы ды пярэчаньні.
У прэсавым цэнтры Палаты прадстаўнікоў нам пацьвердзілі факт адпраўленьня такога лісту, але ад далейшых каментароў адмовіліся. Больш падрабязнасьцяў, зьвязаных са стаўленьнем афіцыйнага Менску да Карты паляка, ведае карэспандэнт Польскага радыё ў Менску Ўладзімір Пац.
Уладзімір Пац: У лютым Палата прадстаўнікоў зьвярнулася з просьбай у Канстытуцыйны суд даць ацэнку па гэтым пытаньні. Цяпер жа Ігар Карпенка, кіраўнік Камісіі па міжнародных справах, зьвярнуўся да кіраўніка Міжнароднай камісіі польскага Сэйму Анджэя Галіцкага з прапановай размоваў. У сваім лісьце ён напісаў, якія сумневы маюць беларускія ўлады што да карты палякі. Ён запрапанаваў зрабіць сустрэчу на міжпарлямэнцкім узроўні для абмеркаваньня спрэчных пытаньняў. Пакуль няма адказу на гэты ліст, скардзіцца беларускі дэпутат. Ён таксама зазначыў, што справу Карты паляка можна разглядаць на міжнародным узроўні, напрыклад, у вэнэцыянскай камісіі Рады Эўропы.
У сваю чаргу ў польскім Сэйме нас паінфармавалі, што пакуль не атрымлівалі ніякай прапановы ад беларускіх дэпутатаў. Нават калі яна прыйдзе, стаўленьне да яе будзе адмоўнае, бо беларускі бок абраў вельмі неадпаведную тэму. Гаворыць Робэрт Тышкевіч, дэпутат Сэйму, сябра Камісіі міжнародных справах.
Робэрт Тышкевіч: Мне нічога не вядома пра гэты ліст. Наколькі я ведаю, старшыня камісіі не занатаваў, каб такі ліст прыйшоў ў Камісію міжнародных справаў. Нават, калі б ён прыйшоў, я вельмі скептычна стаўлюся да размоваў на гэтую тэму. Карта паляка – гэта частка польскага заканадаўства. Я ня бачу падставаў, каб весьці размовы на парлямэнцкім узроўні зь беларускім бокам дзеля абмеркаваньня польскага заканадаўства. Нагадаю, што гэты закон прыняты Сэймам адзінагалосна, атрымаўшы падтрымку з боку ўсіх парлямэнцкіх фракцыяў. Тут няма тэмы для палітычных перамоваў. Беларускі Канстытуцыйны суд ня мае ніякага мандату, каб ацэньваць адпаведнасьць польскага закону эўрапейскаму заканадаўству. Акрамя таго, падчас распрацоўкі закону польскі бок праводзіў кансультацыі з органамі ЭЗ, таму прапанова беларускага боку безпрадметная. На маю думку, ёсьць іншыя тэмы для міжпарлямэнцкай дыскусіі, напрыклад, што да ратыфікацыі беларускім бокам дамовы аб малым памежным руху.
У сваю чаргу польская прэса ў гэтай дэпутацкай прапанове бачыць жаданьне афіцыйнага Менску навязаць такім чынам дыялёг з Захадам па іншых, у тым ліку эканамічных пытаньнях. Сапраўды, беларускія ўлады шукаюць нагоды для размоваў з краінамі ЭЗ, лічыць Дзяніс Мельянцоў, экспэрт Беларускага інстытута стратэгічных дасьледаваньняў. Тэма Карты паляка падаецца ім адпаведнай.
Дзяніс Мельянцоў: Гэта відавочнае жаданьне, асабліва пасьля таго, як іх пракінулі з Эўранэстам, на які яны вельмі спадзяваліся, што будзе камунікацыйная пляцоўка ў межах Ўсходняга партнэрства. Пляны па міжнародных кантактах трэба ж выконваць. У дадатак, парлямэнт успрымаецца ўладамі як нэйтральная структура, якая можа быць выкарыстаная як канал камунікацыі з Захадам. Такая лёгіка тут дамінуе. Што да тэмы, то з малым памежным рухам усё зразумела, чакаецца толькі вышэйшая палітычная згода. Карта паляка ж нашмат больш складанае пытаньне, яно якраз дыскусійнае.
Беларускія дэпутаты хочуць размаўляць з польскім Сэймам пра Карту паляка. У сваю чаргу ў Варшаве ня лічаць гэта добрай тэмай для размоваў і зазначаюць, што лепш хай Менск выканае свае абавязацельствы па дамове аб малым памежным руху.
Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч