• Урад адправяць у адстаўку?
  • 03.06.2011

Кіраўніцтва Беларусі актыўна шукае крыніцы зьнешніх фінансавых уліваньняў у эканоміку. Нягледзячы на праведзеную напрыканцы траўня дэвальвацыю, валюта ў абменьніках не зьявілася. Застаецца множнасьць курсаў, даляры і эўра на чорным рынку прадаюць-набываюць на дваццаць працэнтаў даражэй афіцыйнага курсу Нацбанка.

Ад Расіі, дакладней па  лініі Антыкрызыснага фонду ЭўрАзЭС Беларусь хоча атрымаць шэсьць мільярдаў даляраў. Аднак гэтыя грошы калі й будуць пераведзеныя, то на працягу некалькіх год, і не задарма. Кіраўнік Мінфіна Расеі Аляксей Кудрын паведаміў, што палова сумы – тры мільярды даляраў – гэта ўліваньні за кошт прыватызацыі беларускіх актываў.
31 траўня урад Беларусі і Нацыянальны банк накіравалі ў Міжнародны валютны фонд зварот аб выдзяленьні рэспубліцы стабілізацыйнага крэдыту. Улады краіны хацелі б атрымаць да васьмі мільярдаў даляраў. Да 14 чэрвеня ў Беларусі будзе працаваць місія МВФ, якая й зробіць экспэртную ацэнку аб магчымасьці выдзяленьня крэдыту.
Тым часам прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясьніковіч запрасіў на сустрэчу былога кіраўніка Нацбанка, а цяпер вядомага дзеяча апазыцыі Станіслава Багданкевіча. 

Станіслаў Багданкевіч: Я там прадстаўляў не партыю й не апазыцыю, а сябе асабіста. Мясьніковіч на мяне выйшаў як на чалавека, з якім разам працаваў у першыя гады незалежнасьці Беларусі. З ім мы спрабавалі правесьці першапачатковае рэфармаваньне эканомікі, перавесьці яе з савецкага ладу на нацыянальны пасьля развалу Савецкага Саюза. Разам забясьпечвалі ўступленьне ў Міжнародны валютны фонд, Сусьветны банк, Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця як паўнапраўнага члена. Я зразумеў, што прэм’ер-міністар спрабуе даведацца альтэрнатыўную ацэнку сацыяльна-эканамічнага стану Беларусі той, што склалася ў папярэднім урадзе. Бо сам Мясьніковіч нядаўна працуе тут. Ён хацеў даведацца аб новых ідэях. Прапанаваў мне нефармальнае і фармальнае -- супрацоўніцтва праз Акадэмію навук даваць неякія незалежныя выкладкі па стану эканомікі. Мой адказ быў адмоўны, бо мой час сышоў. Ёсьць маладыя эканамісты, і яны па сутнасьці ацэньваюць сытуацыю гэтак жа, як і я.

Былы кіраўнік Нацбанка прынёс падрыхтаваную АГП сьціслую антыкрызысную праграму, якая ў шэрагу іншых мер прапануе ўраду: вызначыць рыначны курс беларускага рубля для гандлю на валютнай біржы; зьвярнуцца ў МВФ па крэдыт у 8 мільярдаў даляраў (праўда, каб атрымаць гэты крэдыт трэба спыніць палітычныя рэпрэсіі й ціск на недзяржаўныя СМІ); распрацаваць праграму рэформаў; дамагацца наўпроставых замежных інвэстыцыяў, што адпаведна вымагае фарміраваньня станоўчага іміджу краіны, бо хто ж панясе свае грошы ў непрадказальную “апошнюю дыктатуру Эўропы”.

Станіслаў Багданкевіч: Гэтыя грошы могуць быць вылучаныя пад праграму рэформ, якая будзе прадугледжваць пераход ад жыцьця на халяву да жыцьця па сродках. Можа быць не хуткі – крэдыт можна прасіць на пятнаццаць-сямнаццаць год. Але я маю на ўвазе нармальны пераход. Які дазволіў бы, раз мы не выкарысталі для гэтага халяўныя грошы ад Расеі, перавесьці эканоміку на новыя тэхналёгіі, больш высокую канкурэнтаздольнасьць, вытворчасьць і гэтак далей.

На гэтым тыдні поўны зьмест антыкрызыснай праграмы Аб’яднаная грамадзянская партыя перадасьць ва ўрад і Нацбанк. Калі выніку з гэтай працы не будзе, то партыя распачне кампанію па адстаўцы палітычнага кіраўніцтва краіны, -- гаворыць лідэр партыі Анатоль Лябедзька.

Анатоль Лябедзька: Галоўныя тэзісы антыкрызыснай праграмы з рук у рукі перададзеныя Мясьніковічу. Калі па рэальных кроках мы не бачым, што гэтая праграма застаецца альтэрнатывай, то пачынаем як партыя, кампанію па адстаўцы палітычнага кіраўніцтва Беларусі. Уключна з чырвоным домам. Мы ведаем, якая місія ўраду, Нацбанку. З аднаго боку яны залежныя, а з іншага па нашым заканадаўстве ў іх ёсьць вялікія правы. Мы даём ім шанец заявіць, што ўрад ёсьць урадам, а Нацыянальны банк – Нацыянальным банкам.

Пакуль выпраўленьне памылак застаецца на ўзроўні кансультацый, бізнэсоўцы краіны заяўляюць, што іх праца пад пагрозай зьнішчэньня.

Павел: Бізнэс пераключыўся на падскурны тлушч. Той, хто яго не назапасіў за апошнія гады, вымушаны спыніць працу на няпэўны тэрмін. Незапатрабаваныя кадры ідуць у адпачынак за свой кошт, а бізнэсмэны чакаюць. Чакаюць найперш стабілізацыі ў валютным сэктары, бо адсутнасць валюты ў доўгатэрміновай пэрспэктыве можа прывесці да масавых банкруцтваў, дэфіцыту тавараў і дэфіцыту матэрыялаў для вытворчасьці. На сёньняшні дзень значная частка бізнэсу працуе на старых запасах тавару. Той, хто распрадаў склады, вымушаны купляць тавар за валюту па новых курсах, але для пакупніка кожны этап падаражаньня ёсьць значным псыхалягічным выпрабаваньнем, таму попыт на шмат якія групы тавараў заўважна скараціўся. Дзеля мінімізацыі курсавых рызыкаў атрыманую прадпрыемствам выручку ў беларускіх рублях даводзіцца максымальна хутка запускаць у новы абарот альбо выводзіць зь яго, альбо траціць на папаўненьне асноўных сродкаў. Гульня ў “гарачую бульбу” з беларускім рублём між прапрыемствамі ўсё ж забясьпечвае пэўны тавараабарот і дазваляе бізнэсу хоць неяк выжываць, але зразумела, што бясконца так працягвацца не можа. Як паветра патрэбныя эканамічныя рэформы.

Валютныя праблемы закранулі ўсе сфэры дзейнасьці, напрыклад, прагназуецца, што турбізнэс абваліцца напалову.

Супрацоўніца турфірмы Юлія: Быць бы жыву не да жыру. Ня ведаюць які ў іх заўтра будзе заробак. І вось з гэтай непрадказальнасьцю будучыні й зьвязана скарачэньне колькасьці тых, хто паедзе ў адпачынак.

Шараговыя грамадзяне разьмятаюць з прылаўкаў крамаў цукар, соль, бытавую тэхніку, імкнучыся канвертаваць у тавары абясцэненыя рублі. Натуральна, узровень жыцьця імкліва ўпаў.

Марына: Я нават пачала набываць Белітаўскую касмэтыку. Давялося адмовіцца ад усіх забаў, я адмовілася ад кафэ, рэстаранаў, паездкі ў адпачынак. Штогод да лета я абнаўляла гардэроб. А сёлета – нічога новага не набывала, усё даношваю зь мінулага года. Мама пашыла мне сарафан, бо цяпер вельмі дорага. Летась набывала сабе басаножкі, цяпер яны ў два разы даражэй. Настроі ўтапічныя. Усіх хвалюе пытаньне як набываць тое, што зробленае за мяжой, калі кошты вырасьлі больш чым у два разы. Карыстацца ўсім толькі беларускім, думаю, немагчыма.  

У сацыяльных сетках пачалі ствараць суполкі з заклікам штодня прыходзіць на цэнтральныя плошчы сваіх гарадоў, каб аднойчы набраць крытычную пратэстную масу. Абмеркаваньні сытуацыі ўсё часьцей зводзяцца да пытаньняў “дзе лідэры й хто гатовы стаць на чале незадаволеных?”.

Марыя Кароль