Суд Цэнтральнага раёна Менска пакінуў у сіле папярэджаньне Генэральнай пракуратуры старшыні Праваабарончага цэнтру „Вясна” Алесю Бяляцкаму. Яго вінавацяць у дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі.
У сакавіку Алесь Бяляцкі зьвяртаўся да генпракурора Рыгора Васілевіча з просьбай адмяніць папярэджаньне, але той прызнаў яго абгрунтаваным. У судзе прадстаўнік пракуратуры Павaл Елісееў пацьвердзіў, што дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі ў Беларусі забароненая. Ён адзначыў, што праваабаронцу могуць прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці па артыкуле 193-1 за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.
Бяляцкі сказаў у судзе, што насамрэч уладам не падабаецца ацэнка праваабарончым цэнтрам «Вясна» сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.
Цэнтар быў пазбаўлены афіцыйнай рэгістрацыі, і з 2003 году Міністэрства юстыцыі «выконвае палітычную замову, не рэгіструючы наогул праваабарончыя арганізацыі». А дзеяньні генпракуратуры, паводле Бяляцкага, вядуць да стварэньня нэгатыўнага іміджу Беларусі ў вачах міжнароднай супольнасьці.
Svaboda.org/яс