Прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч звольніў Рамана Бяссьмертнага з пасады пасла Ўкраіны ў Беларусі. Пасьля падзей 19 сьнежня дыплямат ад свайго імя неаднаразова выказваўся пра недэмакратычнасьць рэжыму Лукашэнкі.
Адпаведны ўказ быў падпісаны Віктарам Януковічам учора. Упершыню інфармацыя аб магчымым звальненьні Рамана Бяссьмертнага з пасады пасла Ўкраіны ў Беларусі зьявілася ў лютым пасьля яго інтэрвію, у якім ён заявіў, што з пункту гледжаньня ўкраінцаў у беларусаў выбараў не было.
«Не даю нікому ацэнкі — беларусы павінныя жыць сваім жыцьцём, украінцы — сваім. Але магу сказаць: я не змог бы жыць у такіх умовах. (…) Ва Ўкраіне я рабіў усё, каб у нас такіх выбараў больш ніколі не было», — сказаў ён.
Дыпляматычная этыка не дазваляе афіцыйным прадстаўнікам Украіны выступаць з заявамі ад свайго імя.
Новым паслом Украіны ў Беларусі будзе былы віцэ-прэм’ер Віктар Ціханаў.
Belaruspartisan.org/яс