• У Беларусі чакаецца далейшы рост цэнаў
  • 04.06.2011

Урад рассакрэціў „Плян дзеяньняў па забесьпячэнні збалянсаванага разьвіцьця эканомікі ва ўмовах зьмяненьня афіцыйнага курсу беларускага рубля”.

Заплявана, што Міністэрства фінансаў Беларусі й канцэрн "Белдзяржхарчпрам" "аптымізуюць стаўкі акцызаў на алькагольную прадукцыю й тытунёвыя вырабы для іх паэтапнага збліжэньня з узроўнем ставак, дзейных у Расейскай Фэдэрацыі". Гэта азначае рост цэн на алькаголь і цыгарэты.

Мінэканомікі й Мінсельгасхарч на працягу года павінны забясьпечыць павышэньне закупачных цэн на сельгаспрадукцыю з улікам парытэтнага росту цэн на харчовыя тавары на розьнічным рынку.

У ліку заплянаваных мер — "індэксацыя тарыфаў на электрычную й цеплавую энэргію для юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў; аптымізацыя розьнічных цэн на нафтапрадукты, удакладненьне тарыфаў на паслугі гарадзкога транспарту, прыгарадных аўтаперавозак, перавозак пасажыраў чыгуначным транспартам, на паслугі сувязі".

У краіне будзе праводзіцца пастаянны маніторынг рознічных цэн на спажывецкія тавары.

Плянам прадугледжана таксама забесьпячэньне да канца 2011 года 30-працэнтнага ўзроўню кампэнсаваньня насельніцтвам затрат на аказаньне жыльлёва-камунальных паслуг з павелічэньнем адпаведных тарыфаў у два этапы.

БелаПАН/яс