• У Гдыні распачаўся 36-ты Фэстываль польскіх мастацкіх фільмаў
  • 07.06.2011

У Гдыні распачаўся 36-ты Фэстываль польскіх мастацкіх фільмаў. У галоўным конкурсе прыме ўдзел 12 стужак. Пераможца атрымае прэмію “Залаты леў”. У праграме некалькі дэбютаў, некалькі прэм’ер, а таксама добравядомыя і прызнаныя публікай фільмы.

Сёньня ў нас у гасьцях новы артыстычны дырэктар Фэстывалю Міхал Хаціньскі.

Сп. Міхал, прыйшоўшы на новую пасаду Вы зьменшылі колькасьць конкурсных фільмаў да 12. Гэта знак таго, што ў польскай кінематаграфіі так шмат выдатных працаў і што неабходна ажно рабіць сэлекцыю?

М. Хаціньскі: Менавіта, так і ёсць. Я лічу, што апошнія гады наш Фэстываль не пасьпяваў за разьвіцьцём польскай кінематаграфіі. Гэты крок наперад зьвязаны з вытворчымі магчымасьцямі. У параўнаньні з апошнімі 50-цю гадамі, на дадзены момант мы здымаем найбольш фільмаў. Часам за год мы робім 50 стужак. У сувязі з гэтым узьнікла ідэя праводзіць адбор фільмаў. За 4-5 дзён імпрэзы мы ня здолеем паглядзець усяго, што здымаецца ў Польшчы. 9 стужак у нашай праграме – гэта надзвычай цікавыя фільмы, якія гавораць цікавай мовай, на цікавую тэму. Я перакананы, што яны не пакінуць гледачоў абыякавымі.

Акрамя галоўнага конкурсу на Фэстывалі будзе працаваць нямала розных сэкцый. Сярод іх ёсьць і прагляд вугорскага кіно.

М. Хаціньскі: Вугорскі акцэнт – гэта частка прагляду кіно з Цэнтральна-усходняй Эўропы. Папярэдні дырэктар заўсёды рабіў прагляд кіно адной з краін нашага рэгіёну. Мне здаецца, што гэта вельмі цікавая ідэя. Яна дазваляе нам параўнаць мову кіно ў нас і ў нашых суседзяў. Таму я вырашыў пайсьці далей і з прагляду кіно адной краіны пашырыць яго на розныя краіны нашай часткі Эўропы. Тым больш, што мы абіраем фільмы, якія былі высока адзначаныя ў сваіх краінах, ляўрэтаў розных кінафэстаў. Сёлета ў нас будзе, напрыклад, найлепшы чэскі фільм году. У госьці да нас прыедзе сцэнарыст стужкі, зь якім адбудзецца творчая сустрэча.

Акрамя творчых сустрэч на фэсьце прадугледжаныя варштаты для гледачоў. Вы хочаце такім чынам адкрыць фэстываль на публіку?

М. Хаціньскі: Так, бо мне здаецца, што асноўная задача фэсту ў Гдыні – гэта рэкляма польскага кіно. Рэклямаваць яго мы павінны ня толькі сярод замежнікаў, але й сярод палякаў. Склалася парадаксальная сытуацыя, калі маладое пакаленьне ня бачыла аніводнага клясычнага польскага фільму. Вялікая колькасьць міжнародных навінак вельмі часта адцягвае ўвагу палякаў ад уласнай кінематаграфіі. Таму мы вырашылі правесьці варштаты. Нашымі гасьцьмі будуць Анджэй Вайда, Кшыштаф Моргэнстэрн, Кшыштаф Занусьсі, Агнешка Холянд. Гледачы будуць разам зь імі праглядаць некаторыя сцэны зь іх фільмаў, а потым дыскутаваць пра тое, як гэта здымалася.

У конкурсным сьпісе ёсць фільмы “Чорны чацьвер”, “Essential Killing”, а таксама “Страх перад вышынёй”. У Вас ёсьць свой фаварыт?

М. Хаціньскі: Мне нельга мець фаварытаў. Альбо скажу інакш: у мяне ёсьць ажно 12 фаварытаў. Калі я размаўляю з калегамі, то чую ад іх розныя ацэнкі фільмаў, а гэта сьведчыць аб тым, што за намі удалы год, што няма радыкальна розных па якасьці фільмаў. Я лічу, што гэта дае надзею нашаму конкурсу, што будуць гарачыя дыскусіі, а нават сваркі наконт лепшага фільму.

Падрыхтаваў дг